Аркадзь Ліцьвін

Дыплом на царства


Скачать книгу

хто з прыбочных верыў гетману і пачынаў разумець, якую плату жаўнерскімі жыццямі давядзецца пакласці пад смаленскімі сценамі. Змоўклі і не квэкаюць раней такія гаваркія аўгуры. Зараз і перад катам не прызналіся б да сваёй балбатні, нібыта горад сам адчыніць брамы перад каралём. Затое, з тым жа запалам заклікаюць на штурм, бо перад войскам Найяснейшага пана ніхто не ўстоіць! Нездарма той ды другі з вайскоўцаў апускае вочы ў злосці і нерашучасці, але гетман не збіраўся слухаць глупствы людзей, няздольных адрозніць шпораў ад шораў. Горш, што сярод нядобразычліўцаў шчыруюць браты Патоцкія*: Ян, ваявода брацлаўскі ды генерал падольскай зямлі і Якуб, белакамянецкі стараста. Хоць і нападаюць на яго найзаядлей, злосці на іх не мае, бо ваяры. Іншая справа Сапегі, Вішнявецкія, Мнішхі ды Ражынскія, іхнія падпявалы.

      – Але ж якой кавалерыі! – высокі голас з каралеўскай світы гучаў добра ўдаваным захапленнем і такім жа абурэннем. – Ці ж ёсць яшчэ дзе—небудзь падобная?

      Мацей Лубеньскі, познаньскі канонік, каралеўскі сакратар і рэгент кароннай канцылярыі, не знаўся на вайсковых справах, затое кеміў у змаганні з іншаверцамі. І ведаў, чым дагадзіць манарху.

      – Не веру, што пан гетман сумняецца ў ваяўнічасці і адвазе нашай славутай гусарыі? – заўзяты пратэктар езуітаў добра засвоіў іх рыторыку. – Гэта ж табе не венгерская пяхота, з—за няздарнасці якой не ўзялі горад з налёту!

      Невысокая, шчуплая постаць старога ваяра здавалася выпраменьвае стрыманую злосць і пагарду да невукаў. Ён, які ніколі не хаваўся за спінамі іншых, павінен, з ласкі караля, цярпець бязглуздыя меркаванні людзей, калі і трымаўшых шаблю, то выключна дзеля партрэтавання. «Бач іх, ужо разабраліся ў прычынах першай няўдачы! І з кавалерыяй ім усё ясна: хвост не там, дзе грыва!»

      – Няўжо васпан бачыў, як гусарыя бярэ сцены ў конным шыхце? – з'едлівы тон гетман падмацаваў здзеклівым позіркам у напрамку палацавага стратэга. – Для неўсвядомленых, – ён надзяліў поглядам ледзь не ўсіх прысутных, – для неўсвядомленых спяшаюся давесці, што скакаць давялося б ледзь не на дзесяць сажняў, каб не зачапіцца капытамі. Рады буду, калі хто пакажа, як гэта робіцца хоць бы на бліжэйшым паркане.

      У гурме вайскоўцаў пырхнулі стрыманым смехам. Горкім смехам, бо якраз падобныя знаўцы могуць паўплываць на каралеўскія рашэнні і сотні жаўнераў лягуць у безнадзейным штурме. Але паспрабуй іх пераканаць, што лепш абыйсціся без штурмаў! А слава і трыюмф?

      – Як не перасягнуць сцен гусарам, так не парушыць іх нашым трыццаці гарматам, – абураны пазяханнем некаторых слухачоў, гетман узвысіў голас. – Барыс Гадуноў не прагадаў, даверыўшы ўзвядзенне сцен славутаму дойліду Фёдару Коню*. А той знаўся на рамястве. Тоўшча тры сажні, ды і маскавіты не будуць пазіраць бязчынна на нашы спробы. Не сумняюся, што здольны і мужны ваявода будзе бараніць горад ad еxtremum spiritum, да апошняга ўздыху. – Нездарма і пасланца з каралеўскім універсалам папярэдзіў, што ўтопіць за наступную прапанову паддацца, – нясмела падтрымаў гетмана нехта з разумнейшых.

      Палкае