Сапега. – Разумна чыніць Яго Каралеўская Мосьць. Periculum in mora, зацяжка пагражае небяспекай. Калі зараз не рушыць на Масковію, паслей будзе позна! Шведы захапілі Інфлянты па самую Дзьвіну. Добра хоць татары нам у сукурс з вясны не даюць спакою маскавітам. Я схіляю войска да перамоваў з Найяснейшым панам, хоць шмат каму, калі не большасці з уплывовых, каралеўскае ўмяшанне крыжуе асабістыя разлікі і прагненні. З гэтымі давядзецца не цырымоніцца. Раскол у войску Дзьмітрыя каралю на карысць, але важна не замарудзіць progressum ulteriorem belli, далейшы поступ вайны.
Кампанія, сапраўды, раскручвалася надзвычай марудна. Сойм адбыўся на пачатку 1609 года, а звесткі, якое войска будзе мець, гетман Жулкеўскі атрымаў толькі на Вялікім Тыдні. Кароль пажадаў прыняць удзел у паходзе, а выбраўся з Кракава аж 28 траўня.
– Можна падумаць, – нерваваўся гетман Жулкеўскі, – што дарадцы Міласцівага пана узорам рымлянаў чакалі, калі свяшчэнныя куры ахвочым кляваннем прадвесцяць поспех кампаніі!
Ад Льва Сапегі ведаў усвяцкі стараста, што размова караля з Жулкеўскім, калі спаткаліся пад Люблінам, ішла цяжка.
– Міласцівы Пане, рач узважыць, – настойліва прамаўляў польны гетман Кароны, – выправу пачынаем аж пад копы! Progressum ulteriorem belli, далейшы працяг вайны прыпадзе на неспрыяльны час.
І кароль разумеў, што гетман мае рацыю: сенакосная пара – пазнаваты час, калі ўспомніць, які шлях перад войскам. Але ж воля манарха… велічныя намеры… – Не час, пане, разважаць, калі войска выйшла ў поле, – папракнуў гетмана Жыгімонт, нібы гэта той вызначаў тэрміны. – Я зараз да Вільні. Льцьвінам да Смаленска бліжэй, ды і на мяжы войска маюць. Сам Леў Сапега ў Оршы чакае. Не здаецца мне, што Смаленск нам неадольным будзе.
Хто з трох гульцоў выйграе: маскоўскі цар Васіль Шуйскі, кароль Жыгімонт ІІІ, ці тушынскі царык, гетман Жулкеўскі не адказаў бы самому сабе. Невядома, чым скончыцца інтрыга, распачатая пасля таго, як тры гады таму ў Кракаве пасол першага Дзьмітрыя Іван Безабразаў* папракнуў Рэч Паспалітую за дапамогу ўсталявацца на маскоўскім пасадзе «чалавеку подламу і лёгкаму». Тады ж на таемнай нарадзе з сэнатарамі агалосіў прапанову замест уваскрэслага Дзьмітрыя пасадзіць царом каралевіча Уладыслава. Адным прапанова спадабалася, іншыя сумняваліся, ці варта гэта рабіць. Гетман Жулкеўскі стаяў за вунію накшталт Люблінскай і без збройнага ціску. Але ў траўні таго ж году «царэвіч» Дзьмітрый, нядоўга пацараваўшы, загінуў, і вось зараз, думай што хочаш, маем клопат з чарговым уваскрэслым, яшчэ падлейшым і брыдчэйшым.
Калі настойлівыя наляганні Міласцівага пана закончыліся загадам, Жулкеўскаму нічога не заставалася, як заняцца войскам. Праз Берасце і Слонім даехаў да Менска ўжо ў канцы лета, бо 25 жніўня. Караняжы і ліцьвіны адбылі шэраг нарад. Выявілася, што таму ды другому здаецца, ледзь кароль пяройдзе мяжу, прыхільныя яму баяры паклічуць Жыгімонта на дапамогу супраць Шуйскага, які захапіў і трымае ўладу несумленным чынам. Не стане перашкодаю і невялікі смаленскі гарнізон.
Ганец Ігнат Бражына таксама меў падставы дзівіцца. Кароль Жыгімонт