І ў кожнага гетманская булава ў торбе.
– А зараз яшчэ і шведы – новы клопат, – падкрэсліў Сапега. – Ім не Дзьмітрый, не Шуйскі, ім землі і гарады Масковіі— спакуса. Ды нашаму каралю думкі пра шведскую карону з галавы выбіць. І на Крамлі пры нагодзе маюць каго пасадзіць. Так што трэба ўзважыць, хто мае рацыю: Жулкеўскі ці пан Леў. Але абодва, здаецца, разумеюць, што выбраліся на вайну нібы з Кракава да Лобзава, як піша пан Леў. Хоць не іх, праўду кажучы, віна ў тым, што не ў адпаведны час і так мала сілы.
Ганец зразумеў, што думка караля панам усвяцкім старастам не ўлічвалася з—за яе непрыдатнасці.
– Разгледзься там у Тушыне, прынюхайся. Мае хлопцы кажуць, нешта брыдкае выспявае. Маскоўскія баяры баяцца разні, калі тушынскія захопяць горад. Ну і тутэйшыя таго ж апасаюцца. Па сутнасці мы з палякамі абараняем баяраў ад чорнага люду. Баярства шэпчацца пра нашы вольнасці, а ў царстве вэрхал і замяшанне, бунты паўсюдна. Таму супраціў не можа быць значны. Але ж такую краіну ў цуглях слабым войскам Рэчы Паспалітай не ўтрымаеш. Баюся, не ўсе гэта разумеюць.
Ганец слухаў і разважаў, ці здолее разгледзецца за кароткі час, бо расседжвацца некалі. Лепш, калі не кінецца нікому ў вочы сваім з'яўленнем і ад'ездам. Нібы ўгадаўшы ягоныя думкі, Сапега адарваўся ад чарговага ліста і адкінуўся да сцяны.
– Наступным разам можаш мяне тут і не знайсці. Грошай, пане—браце, як не было так і няма, таму нават мае муштраваныя ў хамут б'юць, – уздыхнуў Сапега. – Так і глядзі, што за тым пойдуць, хто іх дасць, а цар, па ўсім выглядае, даць іх не можа. Толькі да сябе кліча.
– Але ж у манастыры нехта за вас застанецца?
Усмешка кранула вусны Сапегі. Маладзён баіцца пакрыўдзіць каменданта гусараў з—пад Кірхольма і паказвае, што верыць у захоп манастыра.
– Нікога тут не застанецца. Неўзабаве здымем аблогу. Думаю, старац Аўраамій Паліцын*, келар тутэйшы, шмат баек складзе, як ён мяне перамог, – засмяяўся Сапега і закончыў сур'ёзна. – Сілы малавата, каб на сцены па дурному лезці, а ў такім разе на якую халеру нам тая Лаўра? Надзею на трохбаковую вунію пан Леў страціў, то хоць землі рода вярнуць пастараемся. Яну Пятру падабалася, як трымаецца хлопец, сціпла, але з розумам у вачах, заслугоўвае пэўнай адкрытасці. Мае загад прыгледзецца, зразумець, што тут і дзеля чаго адбываецца. Не самахоць рашаецца на роспыты.
Ганец кіўнуў галавою. Сапега працягваў.
– Калі кароль іх дасць – яму паслужаць. Не думаю, што Міласцівы пан прагне ўбачыць маскоўскую шапку на шклоўскім валацугу.
Бражына ўсміхнуўся з разуменнем. Большай дакладнасці і не патрабавалася.
– А наконт вас, яснепане? Напамінаю, паважаючы, пытанне не ад мяне. Самі ведаеце, чыё.
Сапега кіўнуў, што прымае роспыт як належыць.
– Што ж, сам я – падданы караля, як і кожны шляхціц. Не выгнаннік жа, не сказанец. А quid non pro patria, чаго не зробіш для Айчыны?
Сапега ўсміхнуўся пры апошніх словах, а ганец падумаў, што не ўсё каралю было б зразумела ў хітрых кроках вялікага канцлера і ягонага