на страмёнах ад нецярплівасці.
– А так, уяві, вашмосьць, знайшліся ахвочыя весці тушынскага цара… – паручнік прыжмурыў вока… – на вавэльскі трон! – ён гучна зарагатаў.– Respise finem! – усклікнуў сярдзіта. – Падумай пра наступствы: гэта ж маглі нам вялікага князя са шклоўскага валацугі забяспечыць!
Бражына не дзівіўся такім настроям. Не адно зачапілася за вушы ў кватэры вялікага канцлера ды гетманскай.
– Ты ж, пэўна, ведаеш пана Збароўскага? Прынамсі чуў пра такога?
– Самуэля? Хто ж пра яго не чуў? – адгукнуўся Бражына.
– А я пра сына ягонага, Аляксандра, – паручнік ізноў прыцішыў голас. – Такое плятуць, што нібы яго ўплішчылі да царыка, каб схіляў таго на дэтранізацыю караля Жыгімонта, ну і гуртаваў тых, хто пад Гузовам стаяў супраць Міласцівага пана. Нібыта і пан падчашы Януш Радзівіл падтрымліваў такія задумы. Ну а табе караля бачыць давялося? Ці каралеву? – раптам пацікавіўся паручнік.
– Караля неаднораз, – без пахваляння, сур'ёзна адказаў Бражына. – А каралеву не здаралася. Яна зараз у Вільні з дваром і каралевічамі. Затое яснепана Льва Сапегу вельмі часта. І размаўляў не раз і не двойчы.
Ганец вырашыў, што на першы раз даволі і зноў перавёў размову на тутэйшыя справы.
– А як з манастыром? Возьмеце?
Паручнік уздыхнуў, крадком азірнуўся на жаўнераў.
– Баюся, браце, не адужаем, – прызнаўся даверліва. – Сам жа бачыў, якія сцены.
– Добрых два сажні, калі не болей, – кіўнуў ганец. – З разгону не пераскочыш!
– Асабліва як зверху смалой сустракаюць! – хмыкнуў паручнік. – У іх, кажуць, кацёл на сто вёдзер. Спрабавалі, ды не атрымалася. А яшчэ гарматы. Ну і на чале ў іх не дурань. Келар Аўраамій Паліцын, колішні царскі дваранін.
– А чаму ж келар?
– De caelo in caenum, з неба ў гразь, у цара гэта проста, – засмяяўся Малей. – Спачатку пад апалу, затым Салаўкі, там і пастрыглі. Кажуць, адукаваны і мае послух не толькі ў манахаў, таму і стаяць супраць нас упарта. Хітры, кажуць, палітычны!
Бражына ізноў кіўнуў.
– Мне таксама здалося, малавата войска, каб як след аблажыць.
– Аблогу трымаць можна, – не пагадзіўся паручнік, – а вось штурм… Як ні мерай, сцены на пяць соцень сажняў. Прыпусціць наступ з усіх канцоў, людзей мала. А на кароткім адрэзку ў іх і гармат і ваяроў хопіць адбіцца. Там па ўсёй сцяне крытая галерэя. Раз—два і перабеглі, куды трэба.
– Можа і лепш адступіцца, – прамовіў Бражына. – Гэта ж колькі нашых ляжа пад тымі сценамі. А дзеля чаго?
Малей кінуў на суразмоўніка дапытлівы погляд. Павагаўся, ці варта азывацца.
– Баюць, скарбніца там поўная золата, брыльянтаў, смарагдаў, шаты царкоўныя небывалай каштоўнасці. Чорта лысага там хіба няма, даруй Божа. Можа і праўда, бо ад маскавітаў чулася, што складкі неслі і цары з царыцамі, і баяры. Ну і фарысеі—распуснікі, грахі замаліць.
Бражына кіўнуў, пагаджаючыся. Паручнік, падахвочаны, працягваў.
– Святых рэчаў процьма.