Аркадзь Ліцьвін

Дыплом на царства


Скачать книгу

Якая там шкатула! Ды і памер жолду, сам жа чытаў, будзе меншы. Што мне на гэта войска скажа? А што нам замінае пасля Масквы злупіць кантрыбуцыю з некалькіх некранутых гарадоў? Га?

      Адмаўляць такі шанец ганец не рашыўся. Але трэба падтрымліваць размову, каб давесці чытанне да нейкага канца і шчасліва сыйсці.

      – Але ж, яснепане, гэта піша прававіты манарх, – заўважыў ганец. – Можна сказаць уласнаручна, manu propria, – побач каралеўскага імя рызыкнуў лаціны.

      І так не ўяўляў, як усё пачутае будзе пераказваць хоць бы вялікаму канцлеру. Пра каронных урадоўцаў і думаць баяўся. Гарачыя думкі князя пра незрабаваныя гарады раптам спынілі свой вір і саступілі думкам пра ганца. Няпэўнай рукою згроб лоўж папер убок і ўтаропіў позірк у твар гэтага нахабнага маладзёна. Бо хіба не нахабства патрабаваць, каб ён, гетман царова войска, бег, як хлапчук, на заклік пад Смаленск, ці яшчэ куды, хоць бы ў тыя гіблыя Інфлянты, хоць бы і па загаду манарха.

      – Міласцівы пан, – ікаючы і запінаючыся, прамовіў князь, – зацяўся на Смаленск, бо ад пачатку прагнуў, каб не карантышу Жулкеўскаму, а яму, Найяснейшаму пану, ключы вынеслі! Ну, а я тады з чым бы застаўся?

      Князь патрос галавою, нібы адганяючы прыкры прывід каралеўскага трыюмфу.

      – О, тады ён будзе хваліцца, што адабраў горад страчаны амаль сто год таму. Так ці не? – патрабавальна выгукнуў да ганца.

      – Так, яснепане, так, – пацвердзіў Бражына, здзіўлены нечаканай памятлівасцю князя.

      – Але сядзіць кароль з немалым войскам, бо даў, ведаю, Жулкеўскаму толькі жменьку. Але, як гэта мяне вучылі?…Non est ad astra… – князь гучна ікнуў і ўтаропіўся ў маладзёнаў, чакаючы падказкі, – ага, ага, ad astra… mollis… et sera via. Во! Скеміў? Лежачы на баку, вялікім не станеш, хоць ты і кароль. Падчашы ледзь чутна шапнуў: – Хутка здасца, бо ў лаціне не моцны.

      Але князь не скончыў стратэгічнага разбору.

      – А Жулкеўскі, ведаю, разумна казаў: пайшлі на Маскву, захопім, то Смаленск сам паддасца. Дык не! А зараз Міласцівы пан кліча, каб я яму тыя ключы забяспечыў, бо не хоча з Жулкеўскім славу дзяліць? Ты на гэта мяне падбіваеш?

      Князь вырачыў набеглыя крывёю вочы. Бражына падумаў, ці не мроіцца Ражынскаму нехта важны ў яго асобе.

      – Я толькі ганец, яснепане, – стрымана нагадаў маладзён. – А што, пане—браце, калі я цябе цару—бацюшку аддам? А там цябе агнём ды жалезам?…

      Ачмурэлыя вочы загарэліся цёмным полымем і ганец падумаў, ці не закатуе князь сам сябе вось гэтымі поўнымі збанамі. Нібы на каманду князь ухапіў бліжэйшы і наліў кубак, аж праз край пацякло. – А гэта, яснавяльможны пане, – павольна, каб той усведаміў, што гаворыцца, пачаў Бражына, не адводзячы вачэй, – вам самому дабром не выйдзе.

      Спакой даваўся цяжкавата. Мала што ўзбрыдзе з п'яных вачэй пры бязмежнай уладзе. Заўважыў ледзь улоўны цень ухвалы ў княскім паглядзе. А мо' то была толькі цікаўнасць.

      – Як яснепан разумее, я тут не сам па сабе. Запавешчана прыбыццё высокіх асобаў з каралеўскімі даручэннямі. А тады кожнаму, як кажуць, па справах яго.

      Князь