напрыклад.
– У Афрыцы… Не, з Афрыкай у нас нічога няма агульнага. Я вырас у паўночных мясцінах. Я рос і жыў у гарадах, дзе заўсёды былі восень і зіма, дзе ў доўгае змярканне і халады прывыкалі чакаць вясну. І я буду яе чакаць, як у дзяцінстве і юнацтве. Зрэшты, не ведаю. Можа быць, стану калі-небудзь іншым і з’еду. У вашу хваленую Афрыку, – ён памарудзіў, нібы сузіраў будучыню. – Зрэшты, вось ваш ганарар. І дзякуй. Не крыўдуйце на мяне.. – а потым, усміхнуўшыся, дадаў: – Да сустрэчы вечнай вясной у Тунісе.
І ён сышоў. Я не стала яго затрымліваць.
Над горадам прайшоў дождж. Было цёпла і пахнула свежасцю – ад чыстага неба і абмытай зямлі – як вясной, калі мы зноў будзем маладыя і прыгожыя і поўныя сіл і надзей…
Тут я ўступіла ў лужыну і да чаравіка прыліп маленькі жоўты лісток, які нагадаў, што восень яшчэ не скончылася. Восень у Вільнюсе.
А я… Калі я думаю пра каханне, я прыязджаю восенню ў Вільнюс. Не ведаю, сустрэнемся мы калі-небудзь ці не, але восень у Вільнюсе застанецца з намі назаўжды. Восень над усімі яго пагоркамі, віядукамі, старымі вежамі. Халаднаватая на світанні, сонечная і нават гарачая днём, астываючая і спакойная ўвечар, у перадначных агнях.
Таксі нясе мяне па гэтым старым горадзе, так і не зразумелым мной – горадзе, у якім засталася частка і майго жыцця.
Калі я ад’язджала з Вільнюса, пайшоў першы снег…
Назіральнік
Яна выйшла з цягніка і азірнулася. Відаць, вось яна – тая старая лаўка. Яна нібыта ўявіла сабе, як ён, выйшаўшы з вагона, паставіў тут сваю сумку, закурыў і паглядзеў на горад.
Горад выплываў з туману, велічна і няспешна. Гэта яму спадабалася б. І пэўна спадабалася, калі ён застаўся тут.
Яна прысела на лаўку і разгарнула часопіс.
«…Ты калісьці прасіла, каб я напісаў раман для цябе. Ты чамусьці лічыла, што з мяне атрымаецца пісьменнік. Я не ўпэўнены, але ўсё ж выконваю тваю просьбу. І калі я прысвячаю гэты раман табе, то, мяркую, мне патрэбна яго напісаць пра сябе, каб ты зразумела мяне. А можа, мне проста няма чаго рабіць, а зараз перапынак. Праўда, ён ужо заканчваецца, мне патрэбна ісці ў студыю… «Ізабэль Аджані, Жэрар Дэпардзье ў фільме “Шчаслівай дарогі”».
Далей уступаюць другія – тыя, хто на агучванні роляў. А я ізноў чакаю, каб абвясціць праз паўгадзіны: …«14 чэрвеня 1940 года. Бардо. Гатэль “Сплэндзід”».
Так, я працую на агучванні цітраў, чытаю рэкламу, але гэта задавальняе мяне, таму што я стаміўся.
У гадзіну ночы я іду ў бар. Патрэбна перачакаць яшчэ гадзіну – у дзве ночы прыходзіць машына і нас развозяць па дамах: адзіная прывілея маёй працы.
У бары тэлестудыі ў гэты час – толькі сталыя наведвальнікі. Макс – высокі, пануры бармен – прыносіць мне каньяк і прапаноўвае цыгарэту. Калінікалі ён адпускае мне ў доўг. Толькі мне, не ведаю чаму. Падазраю, што ён шкадуе мяне, таму што я ж нічым не магу заплаціць за ягоную дабрыню. Праўда, калісьці жартам аб’явіў яго імя ў масоўцы нейкага рускага баевіка. Можа, зза гэтага? Відаць, толькі я тут абыякавы да славы. Хаця, хутчэй,