Макс прыносіць каньяк для Веры. Я падношу чарку прама да яе вуснаў. Пачуўшы пах каньяку, яна расплюшчвае адно вока, потым – другое, расклейваючы чароўныя фарбаваныя ці чароўнафарбаваныя вейкі. І вось мы ўжо разам п’ём каньяк дробнымі, мікраскапічнымі глыточкамі, паколькі нам цяпер разам павінна хапіць яго на цэлую гадзіну да прыезду машыны.
– Цікавы быў сёння фільм?
Я падазраю: яна спытала проста ад жадання парушыць цішыню і штосьці сказаць. Не трэба яе крыўдзіць. І я расказваю ёй, пра што гэты фільм. Яна мае рацыю: гэта лепш, чым проста маўчаць – хутчэй ідзе час. Я расказваю ёй аб чыімсьці каханні, чужой мары, а думаю аб сваім, аб тым далёкім часе, дзе ў мяне было сваё каханне і свая мара…
– Бязглуздая гісторыя, – здаецца, я вымавіў гэта ўслых: аб сабе, аб сваім ці пераконваючы сябе.
Аднак Вера падумала пра фільм і спытала:
– Чаму бязглуздая?
– Прабач, я задумаўся. Я не тое хацеў сказаць.
– Пра што ты думаў?
– Доўгая і сапраўды бязглуздая гісторыя. Альбо мне хочацца, каб яна была такой. Пераканаць у гэтым сваё сумленне.
– Гэта яна так змяніла цябе?
Не, вось у гэтым я ні за што не прызнаюся. А калі я раздражнёны, то станаўлюся старым маралістам.
– Вера, нішто не можа змяніць чалавека супраць яго жадання. Мы такія, якімі хацелі стаць, праўда, часам можа і не ўсведамляючы гэтага. Садысты, мазахісты, разумныя сволачы, хітрыя дурні…
– Табе трэба пастрыгчыся, – перабівае яна мяне.
– У мяне няма грошай.
– Вечная адгаворка. Ты проста не хочаш іх зарабляць! – фыркае яна.
– Затое ніхто не будзе чапляцца да чалавека, з якога няма чаго ўзяць.
Я гляджу на гадзіннік.
– Час выходзіць. Без пяці.
Я падымаюся і ківаю Максу. Сёння ў мяне ёсць грошы, і я сумленна з ім разлічуся.
Вера не адпускае маёй рукі. Я абарочваюся і запытальна гляджу на яе.
– Можа, паўторым рамантычную ноч? – шэпча яна мне на вуха.
Аднак мне не хочацца пачынаць з ёй такія адносіны. Мінулы раз гэта было з майго боку памылкай. Далей – я ведаў – будзе яшчэ складаней. Я ўсё ж не хачу страціць яе, як ні дрэннага, ні благога, але ўсё ж сябра. Варта толькі перайсці гэтую мяжу – і лавіна незадаволенасці, абавязацельстваў, недагаворак пачне ператвараць людзей у ворагаў. Таму што калі няма кахання – не варта адкаркоўваць шампанскае. І я адмоўна хітаю галавой.
Яна не крыўдзіцца, але і не настойвае.
Мы ідзём да машыны. Я адразу займаю найбольш зручныя месцы – для сябе і для Веры. Цяпер можна заплюшчыць вочы, думаць пра тое, як мільгаюць агнямі вуліцы, і не бачыць іх, пераносіцца ў лёгкія, прыемныя мары стомленай свядомасці. Канешне, калі не чуць, што пастаянна крычыць на вуха наш неўгамонны рэжысёр старому аператару, які амаль засынае; не чуць шушукання дзвюх Аліс – так я называю нашых артыстак (яны агучваюць жаночыя ролі); не чуць аглушальнага маладога храпу Віктара – артыста: ён вечна напіваецца да чорцікаў пасля працы; не чуць усёй гэтай катавасіі і ехаць, ехаць