Артур Конан Дойл

Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік)


Скачать книгу

падала падазрэнне. Адшукаць яго было няцяжка, бо ён жыў у адной са згаданых мною сядзіб. Выявілася, што зваць яго Фіцрой Сімпсан. Добра адукаванага чалавека высокага паходжання, яго зацягнула ў багну іпадромных ставак, дзе ён прамантачыў усе свае грошы і жыў без размаху з букмекерскай дзейнасці ў спартыўных клубах Лондана, якая прыносіла сціплыя прыбыткі. Праверка паказала, што ён паставіў каля пяці тысячаў фунтаў супраць фаварыта. Пасля арышту ён сам прызнаўся, што сапраўды хадзіў у Дартмур з надзеяй болей даведацца пра коней Кінгс-Пайланда, а таксама пра каня Дэсбара, другога фаварыта са стайняў Мэйплтана, якога трэніраваў Сайлас Браўн. Ён не адмаўляў, што папярэдняга вечару рабіў усё, пра што кажуць сведкі, але заявіў, што не меў злых намераў і проста хацеў атрымаць інфармацыю з першых рук. Калі яму паказалі ягоную шыйную хустку, ён збляднеў і ніяк не змог патлумачыць, якім чынам яна аказалася ў руцэ забітага. Ягоная мокрая вопратка сведчыла, што ён трапіў пад дождж мінулае ночы, а кій, выраблены ў Пінангу* з пальмавага дрэва, з залітым усярэдзіну свінцом, акурат мог быць тым самым прадметам, якім трэнеру нанеслі жахлівыя пашкоджанні. З іншага боку, гэты чалавек не быў паранены, а кроў на нажы Стрэйкера паказвала, што як найменш адзін з нападнікаў пацярпеў ад яго. Вось такая, калі каротка, гісторыя, Ўотсан, і калі вы зможаце праліць для мяне святло на яе, я буду надзвычай вам удзячны.

      Я з вялікай цікавасцю выслухаў усё, што з уласцівым яму ўменнем быць дарэшты зразумелым расказаў Шэрлак Холмс. Нягледзячы на тое, што пра большасць фактаў я ведаў і раней, дагэтуль мне было няясна, што з усяго гэтага найважнейшае і як адно звязанае з іншым.

      – Ці магчыма такое, што рэзаную рану Стрэйкер нанёс сабе сам, калі біўся ў канвульсіях, якія наступнічаюць любому мазгавому пашкоджанню? – спытаў я.

      – Гэта не толькі магчыма – з вялікай імавернасцю так і здарылася, – адказаў Холмс. – І ў такім выпадку адпадае адзін з галоўных закідаў абвінавачанаму.

      – Але я ўсё адно не разумею, якую версію можа высунуць паліцыя.

      – Баюся, што якую б версію ні прапанавалі мы, у паліцыі будуць сур’ёзныя пярэчанні. Яны мяркуюць, што Фіцрой Сімпсан, падсыпаўшы вартаўніку наркотык і неяк займеўшы дублікат ключа, адамкнуў дзверы стайні і вывеў каня, каб яго выкрасці. Аброць адсутнічае, так што Сімпсан мусіў надзець яе на яго. Потым, пакінуўшы дзверы адчыненымі, ён павёў каня праз тарфянікі, дзе альбо выпадкова сустрэў трэнера, альбо той дагнаў яго. Далей зразумела. Сімпсан выбівае мазгі трэнеру сваім цяжкім кіем без аніякага пашкоджання ножыкам, якім абараняўся Стрэйкер, а потым заводзіць каня ў сакрэтную схованку, ці, можа быць, конь кінуўся прэч падчас бойкі і цяпер бадзяецца дзесьці на тарфяніках. Так уяўляе сабе карціну паліцыя, і, як бы неверагодна яна ні выглядала, усе астатнія тлумачэнні падаюцца яшчэ больш неверагоднымі. Тым не менш на месцы я збіраюся вельмі хутка спраўдзіць магчымасць такога развіцця падзей, а пакуль не бачу, як мы можам прасунуцца наперад