Артур Конан Дойл

Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік)


Скачать книгу

пейзажу не займала майго кампаньёна, заглыбленага ў думкі.

      – Можна зрабіць і так, Ўотсан, – сказаў ён нарэшце. – Мы пакуль пакінем пытанне пра тое, хто забіў Джона Стрэйкера, і засяродзімся на тым, што здарылася з канём. Калі ўявіць, што ён вырваўся падчас альбо пасля трагедыі, куды ён мог падзецца? Конь – стаднае стварэнне. Калі б ён застаўся адзін, інстынкты падштурхнулі б яго альбо вярнуцца ў Кінгс-Пайланд, альбо пайсці ў Мэйплтан. Як ён можа бадзяцца па тарфяніках? Яго дакладна заўважылі б да гэтага часу. І чаму яго мусілі выкрадаць цыгане? Гэтыя людзі заўжды трымаюцца як найдалей ад непрыемнасцяў, бо не хочуць, каб да іх дачапілася паліцыя. Няма і спадзеву, што яны змаглі б прадаць такога каня. Гэта вельмі рызыкоўна, і нічога б яны за яго не атрымалі. Гэта абсалютна відавочна.

      – Тады дзе ён?

      – Я ўжо казаў, што ён, мусіць, пайшоў у Кінгс-Пайланд альбо Мэйплтан. Ён не ў Кінгс-Пайландзе, адпаведна, ён у Мэйплтане. Давайце возьмем гэта за працоўную гіпотэзу і паглядзім, куды яна нас прывядзе. Тут тарфянікі, як адзначаў інспектар, вельмі цвёрдыя і сухія. Але бліжэй да Мэйплтана яны паніжаюцца. Вы можаце бачыць адсюль, што там ідзе працяглая лагчына, у якой мусіла быць вельмі мокра ў панядзелак ноччу. Калі нашыя развагі правільныя, конь там праходзіў, і менавіта там нам трэба пашукаць ягоны след.

      Падчас гэтай гутаркі мы ішлі даволі бадзёра і праз колькі хвілін ужо дабраліся да згаданай лагчыны. На просьбу Холмса я пакрочыў правым яе берагам, а Холмс – левым, але не паспеў я прайсці і пяцідзесяці крокаў, як пачуў ягоны вокліч і ўбачыў, як ён мне махае. У мяккай глебе перад ім быў вельмі добра бачны след каня, і ён дакладна супадаў з падковай, выцягнутай з кішэні.

      – Вось яна, моц уяўлення ў дзеянні, – сказаў Холмс. – Гэта адзіная якасць, якой бракуе Грэгары. Мы ўявілі, як маглі б развівацца падзеі, дзейнічалі адпаведна сваёй версіі і ўрэшце атрымалі ёй пацверджанне*. Давайце ж працягнем.

      Мы перайшлі багністае дно і яшчэ прыкладна чвэрць мілі крочылі па сухім цвёрдым торфе. Калі зямля чарговым разам пайшла ўніз, мы зноў натрапілі на сляды. Потым яшчэ раз згубілі іх, каб знайсці наступныя даволі блізка ад Мэйплтана. Першы іх убачыў Холмс, і калі ён паказваў туды, ягоны твар быў азораны трыюмфам. Побач з адбіткам конскага капыта ішоў чалавечы след.

      – Раней конь быў адзін! – усклікнуў я.

      – Менавіта. Раней ён быў адзін. Ага, а што гэта? Двайны след рэзка павярнуў у кірунку Кінгс-Пайланда. Холмс прысвіснуў, і мы абодва скіраваліся назад. Увага Холмса цалкам была занятая следам, калі раптам я, кінуўшы выпадковы позірк убок, на сваё здзіўленне ўбачыў той самы двайны след, які ішоў у адваротным напрамку.

      – Бал на ваш рахунак, Ўотсан, – сказаў Холмс, калі я паказаў яму гэта. – Вы скарацілі нашую дарогу, а то давялося б ісці назад па ўласных слядах. Давайце пройдзем гэтым адваротным следам.

      І нам не давялося ісці доўга. След скончыўся асфальтавым пакрыццём, якое прывяло нас да стайняў Мэйплтана. Калі мы падышлі, нам насустрач выбег грум.

      – Гэй, нам не трэба, каб тут бадзяліся ўсякія! – гыркнуў ён.

      – У