Я ўсё зраблю, – пераконваў ён.
– Памылак быць не мусіць, – адказаў Холмс, азірнуўшыся на яго.
Той здрыгануўся, прачытаўшы пагрозу ў вачах майго сябра.
– О не, памылак не будзе. Я дастаўлю яго туды. Выгляд вярнуць ранейшы?
Холмс крыху падумаў і разрагатаўся.
– Не, не трэба, – сказаў ён. – Я вам напішу. І ніякіх фокусаў, бо вы ведаеце…
– О, вы можаце разлічваць на мяне, сэр, я не падвяду!
– Пэўна, што не. Добра, заўтра я звяжуся з вамі. Холмс павярнуўся да яго спінай, не зважаючы на пададзеную дрыготкую руку, і мы рушылі назад у КінгсПайланд.
– Рэдка даводзіцца сустракаць настолькі арганічнае спалучэнне грубіяна, баязліўца і шэльмы, як гэты распарадчык Сайлас Браўн, – заўважыў Холмс па дарозе.
– Дык конь у яго?
– Ён спрабаваў вырашыць справу пагрозамі, але я так дакладна апісаў яму ягоныя дзеянні той раніцай, што ён падумаў, нібыта я назіраў за ім. Вы ж прыкмецілі, што мыскі ягоных ботаў дакладна такія ж квадратныя, як у адбіткаў на зямлі. І зноў жа, ніхто з ягоных падначаленых не адважыўся б пайсці на такую справу. Я расказаў яму, як, згодна са сваёй завядзёнкай, ён прачнуўся самы першы на золку і сустрэў чужога каня, што ішоў па тарфяніках. Як, наблізіўшыся, быў агаломшаны тым, што гэта Срэбны Месяц – ён пазнаў яго па белым лобе, праз які той і атрымаў сваю мянушку. Лёс прывёў у ягоныя рукі фаварыта, адзінага, хто мог абскакаць каня, на якога Сайлас Браўн паставіў усе свае грошы. Потым я апісаў, што першым ягоным парывам было адвесці каня назад у Кінгс-Пайланд, але д’ябал нашаптаў яму на вуха, што жывёліну можна схаваць да канца спаборніцтваў, і ён павёў яго да сябе ў Мэйплтан і дагэтуль трымае там. Пасля майго расказу ён ужо думаў толькі пра тое, як уратаваць сваю скуру.
– Але ж стайні абшукалі!
– О, такі стары знаўца коней і махляр ведаў, як замесці сляды.
– Але хіба вы не баіцеся пакідаць каня тут, ведаючы, што ў інтарэсах Сайласа Браўна як-небудзь нашкодзіць яму?
– Мой дарагі сябра, ён будзе берагчы каня як зрэнку вока. Бо ведае, што гэта ягоны адзіны шанец на літасць.
– Палкоўнік Рос не падаўся мне чалавекам, здольным на літасць.
– Ад палкоўніка Роса тут нічога не залежыць. Я датрымліваюся ўласных метадаў і кажу так многа ці так мала, як пажадаю. У гэтым перавагі неафіцыйнай працы. Не ведаю, ці заўважылі вы, Ўотсан, але палкоўнік трымаўся са мной, мякка кажучы, пагардліва. І я збіраюся крыху пазабавіцца за ягоны рахунак. Нічога не кажыце яму пра каня.
– Безумоўна, толькі з вашай згоды.
– І, натуральна, усё гэта малаважна ў параўнанні з пытаннем аб тым, хто забіў Джона Стрэйкера.
– І вы зоймецеся гэтым?
– Якраз наадварот. Сёння мы з вамі едзем назад у Лондан начным цягніком.
Гэтыя словы сябра мяне проста агаломшылі. Мы прабылі ў Дэваншыры ўсяго некалькі гадзін, і тое, што ён кідае расследаванне, пачатае так бліскуча, было для мяне неспасцігальным. Больш я не змог выцягнуць з яго ні слова, пакуль мы не дайшлі да трэнерскага дома. Палкоўнік і інспектар