Артур Конан Дойл

Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік)


Скачать книгу

але і матыў злачынства. Як дасведчаны чалавек, палкоўнік, вы ведаеце, што людзі не схільныя насіць з сабою чужыя рахункі ў кішэнях. Большасці з нас хапае клопатаў са сваімі. Я адразу ж зрабіў выснову, што Стрэйкер вёў двайное жыццё і ўтрымліваў яшчэ адну сям’ю. Змест рахунка паказаў, што ў справе прысутнічае дама з дарагімі звычкамі. Вы шчодры да вашых слуг, але наўрад ці хтосьці з іх можа купляць жаночыя сукенкі для шпацыру за дваццаць гінеяў. Я запытаў місіс Стрэйкер пра сукенку так, што яна ні пра што не здагадалася. Пераканаўшыся, што такой сукенкі яна ў вочы не бачыла, я выпісаў адрас мадысткі і думаю, што, завітаўшы туды з фотаздымкам Стрэйкера, змагу лёгка высветліць асобу загадкавага містэра Дэрбішыра.

      Цяпер усё было ясна. Стрэйкер завёў каня ў яміну, дзе святло свечкі было б не бачнае. Сімпсан, уцякаючы, згубіў сваю шыйную хустку, якую Стрэйкер падабраў, можа быць, таму, што яму прыйшла ідэя, напрыклад, замацаваць ёю нагу Срэбнага Месяца. У яміне ён стаў ззаду каня і запаліў святло, але жывёліна, спалоханая раптоўным выбліскам, а, можа, апанаваная жывёльным прадчуваннем таго, што ёй збіраюцца ўчыніць шкоду, выбрыкнула. Жалезная падкова трапіла Стрэйкеру проста па лобе. Папярэдне, нягледзячы на дождж, ён зняў свой макінтош, бо збіраўся рабіць далікатную аперацыю, таму пры падзенні нож паласнуў яго па сцягне. Ну што, я праясніў справу?

      – Цудоўна! – выгукнуў палкоўнік. – Цудоўна! Гучыць так, быццам вы прысутнічалі падчас гэтых падзей!

      – Мой канчатковы стрэл, варта сказаць, быў амаль наўздагад. Мне прыйшло да галавы, што такі празорлівы чалавек, як Стрэйкер, не ўзяўся б за такую тонкую справу, як падрэзка сухажылляў, без невялікай практыкі. Але як ён мог практыкавацца? Я ўбачыў авечак і спытаўся пра іх, і, на маё здзіўленне, высветлілася, што я меў рацыю.

      Вярнуўшыся ў Лондан, я завітаў да мадысткі, якая, натуральна, пазнала свайго пастаяннага пакупніка, што называўся Дэрбішырам і меў вельмі фарсістую жонку, прыхільніцу дарагіх сукенак. У мяне няма сумневаў, што дзеля яе прыхамацяў ён па вушы залез у пазыкі і вырашыў паправіць свае справы праз злачынства.

      – Вы патлумачылі ўсё, апроч аднаго, – усхвалявана сказаў палкоўнік. – Дзе ж быў конь?

      – Ён уцёк, а потым пра яго клапаціўся адзін ваш сусед. Мяркую, тут мы мусім пайсці на амністыю. О, мы ўжо на станцыі Клэпхэм, калі я не памыляюся, і меней чым праз дзесяць хвілін будзем на станцыі Вікторыя*. Калі вы пажадаеце выкурыць цыгару ў нашых пакоях, палкоўнік, буду рады адказаць на любыя іншыя пытанні пра справу, якія ў вас узнікнуць.

Пераклала Алена Казлова

      Кардонная скрынка

      Праглядаючы справы, якія лепш за ўсё ілюструюць выдатныя разумовыя здольнасці майго сябра Шэрлака Холмса, я, наколькі магчыма, спрабую выбіраць самыя нескандальныя з іх, якія ў той жа час далі раскрыцца ягонаму таленту. На жаль, цалкам выкінуць скандальнасць са злачынства немагчыма, і хранікёр мусіць выбіраць, ахвяраваць яму важнымі, але скандальнымі дэталямі і такім чынам стварыць падманнае ўяўленне пра