Артур Конан Дойл

Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік)


Скачать книгу

то ваш кліент можа спаць спакойна. Я кахаю чалавека, нашмат лепшага за яго, і маё каханне ўзаемнае. Кароль можа рабіць што яму заманецца, не баючыся перашкодаў з боку той, з кім ён так жорстка абышоўся. Я пакідаю гэты фотаздымак толькі дзеля ўласнай бяспекі – ён будзе добрай зброяй, што абароніць мяне ад магчымых захадаў супраць мяне ў будучыні.

      Я пакідаю іншы здымак, які яму, мабыць, будзе прыемна атрымаць, і на тым, дарагі Шэрлак Холмс, застаюся шчыра вашай

Ірэн Нортан, народжанай Адлер».

      – Якая жанчына, Божа мой, якая жанчына! – ускрыкнуў кароль Багеміі, калі мы скончылі чытаць. – Хіба я не расказваў вам, якая яна здагадлівая і рашучая? Хіба не зрабілася б яна цудоўнай каралевай? Як шкада, што яна мне не роўня.

      – З таго, што я пабачыў, я і праўда зразумеў, што яна вашай вялікасці зусім не роўня, – холадна сказаў Холмс. – Шкада, што я не змог давесці справу да больш паспяховага заканчэння.

      – Наадварот, мой дарагі сэр! – усклікнуў кароль. – Большага поспеху і жадаць немагчыма! Я ведаю, што яе слова непарушнае. Цяпер фотаздымак у такой жа бяспецы, як калі б яна яго спаліла.

      – Я рады чуць гэта, вашая вялікасць.

      – Я бясконца вам абавязаны. Прашу вас, скажыце, чым я магу аддзячыць. Гэты пярсцёнак… – ён зняў з пальца пярсцёнак у выглядзе змяі са смарагдам і на далоні працягнуў майму сябру.

      – У вашай вялікасці ёсць рэч, якая мае для мяне большую каштоўнасць, – сказаў Холмс.

      – Толькі скажыце, што гэта.

      – Фотаздымак.

      Кароль здзіўлена паглядзеў на яго.

      – Фотаздымак Ірэн?! – усклікнуў ён. – Калі вы хочаце, ён ваш!

      – Дзякую вашай вялікасці. Значыць, у гэтай справе больш нічога не зробіш. І таму я маю гонар пажадаць вам усяго найлепшага.

      Холмс пакланіўся, павярнуўся і, не заўважаючы пададзенай яму рукі, разам са мной рушыў у сваю кватэру.

      Вось і ўся гісторыя пра скандал, які пагражаў запляміць гонар караля Багеміі, а таксама пра тое, як цудоўныя планы Шэрлака Холмса быў парушаныя здагадлівай жанчынай. Раней мой сябар часта дасціпнічаў на тэму жаночага розуму, апошнім жа часам я не чую ад яго такіх жартаў. І калі ён гаворыць пра Ірэн Адлер ці згадвае пра яе фотаздымак, то заўсёды ўшаноўвае яе тытулам «тая жанчына».

Пераклала Ганна Янкута

      Саюз рудых

      Летась у адзін з восеньскіх дзён я завітаў да майго сябра, містэра Шэрлака Холмса, і заспеў яго за гутаркай з мажным і чырванатварым немаладым джэнтльменам з вогненна-рудой шавялюрай. Я выбачыўся за тое, што з’явіўся без папярэджання, і хацеў пайсці, але Холмс рашуча ўцягнуў мяне ў пакой і прычыніў дзверы.

      – Немагчыма ўявіць сабе лепшага выпадку для вашага візіту, дарагі Ўотсан, – сардэчна сказаў ён.

      – Мне падалося, вы заняты.

      – Так і ёсць. Вельмі.

      – Тады я пачакаю ў суседнім пакоі.

      – Ні ў якім разе. Містэр Ўілсан, гэты джэнтльмен шматкроць дапамагаў мне ў самых паспяховых справах, і я не сумняюся, што ў вашым выпадку ён будзе мне