Артур Конан Дойл

Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік)


Скачать книгу

Холмс.

      – Завуць яго Вінсэнт Сполдынг, і я б не сказаў, што ён такі ўжо малады. Цяжка зразумець, колькі яму гадоў. Але галава ў яго працуе як трэба, містэр Холмс. Не сумняюся, што ён мог бы знайсці сабе лепшае месца і зарабляць удвая болей, чым у мяне. Але калі ён задаволены, навошта мне падказваць яму такія думкі?

      – І сапраўды, навошта. Здаецца, вам здорава пашанцавала займець работніка за палову рынкавай цаны. У яго ўзросце рэдка хто пагодзіцца на такія ўмовы. Нават не ведаю, што мяне дзівіць больш – вашая абвестка ці ваш памочнік.

      – Але ж і ён не без хібаў, – сказаў містэр Ўілсан. – Трэба яшчэ пашукаць такога звар’яцелага на фатаграфіі. Шчоўкае паўсюль камерай у той час, як мусіць вучыцца, а потым бяжыць у склеп, як трус у нару, каб фотакарткі праяўляць. Гэта ягоны галоўны недахоп, але агулам ён добры працаўнік. Неблагі хлопец.

      – Я так разумею, ён усё яшчэ з вамі?

      – Са мной, сэр. Ён ды яшчэ дзяўчына чатырнаццаці гадоў, яна кухарыць і прыбірае. А больш у доме нікога няма, бо я ўдавец і дзяцей не маю. Жывем мы вельмі ціха, сэр, утраіх, дах над галавой маем, па рахунках плацім, вось і ўсе нашыя справы.

      Толькі з гэтай абвесткай усё змянілася. Сполдынг прыйшоў на працу акурат восем тыдняў таму з гэтай самай газетай у руцэ і кажа: «Мець бы мне Божую ласку быць рудым, містэр Ўілсан».

      «Гэта навошта?» – пытаюся.

      «А вось, – гаворыць, – тут у Саюзе рудых вакансія. Любому, хто яе атрымае, будуць плаціць кругленькую суму, і, наколькі разумею, месцаў больш, чым прэтэндэнтаў, таму апекуны не ведаюць, куды ім грошы падзець. Калі б толькі мае валасы змянілі колер, меў бы я добрую магчымасць крыху разжыцца манетай».

      «Дык якая такая магчымасць?» – пытаю яго. Рэч у тым, містэр Холмс, што я вялікі дамасед, кліенты самі да мяне ходзяць, а мне да іх хадзіць не даводзіцца. Часта я тыднямі за ганак не сунуся, таму ведаю няшмат пра тое, што адбываецца ў свеце, і заўжды рады паслухаць навіны.

      «Вы што, ніколі не чулі пра Саюз рудых?» – кажа мне ён з вырачанымі вачыма.

      «Ніколі».

      «Дзіўна, што так, бо вы цалкам падыходзіце на адну з іх вакансіяў».

      «А колькі там плацяць?»

      «О, усяго пару сотняў на год, але абавязкі лёгкія і асноўнай працы не замінаюць».

      Няцяжка здагадацца, што тут я натапырыў вушы. Мае справы ўжо некалькі гадоў ішлі не найлепшым чынам, і дадатковая пара сотняў была б мне вельмі дарэчы.

      «Раскажыце пра гэта падрабязней», – прашу я яго. Ён мне паказвае абвестку і кажа: «Самі можаце бачыць, што ў Саюзе ёсць вакансія. Вось адрас, куды звяртацца па інфармацыю. Як я разумею, Саюз заснаваў амерыканскі мільянер Езекія Хопкінс, які быў трохі дзівакаватым. Ён сам быў рудым і цёпла ставіўся да ўсіх рудавалосых, а калі памёр, высветлілася, што ўсю сваю немалую маёмасць ён пакінуў апекунам, наказаўшы ім забяспечваць лёгкай падпрацоўкай людзей з такім колерам валасоў. Я чуў, што плацяць там добра, а рабіць трэба мала».

      «Але ж, – кажу, – тады б мільёны рудых адпраўлялі туды заявы».

      «Не так шмат, як можа падацца, – ён мне адказвае. – Бяруць толькі