месяц.
– А як вы яго знайшлі?
– Па аб’яве.
– Ён быў адзіны, хто прыйшоў?
– Не, прэтэндэнтаў быў цэлы тузін.
– А чаму вы абралі менавіта яго?
– Бо ён меў досвед і прасіў мала.
– Паўзаробка, вы казалі.
– Так.
– Як выглядае гэты Вінсэнт Сполдынг?
– Нізкага росту, таўставаты, увішны такі, вусы ў яго не растуць, хоць яму ўжо пад трыццаць. На ілбе белы шнар ад кіслотнага апёку.
Холмс сядзеў на крэсле, заўважна ўзрушаны.
– Я так і думаў, – сказаў ён. – А вы не заўважылі, ці праколатыя ў яго вушы?
– Праколатыя, сэр. Ён мне сказаў, што ў дзяцінстве іх пракалола цыганка.
– Хм! – Холмс задумаўся, адкінуўшыся на спінку крэсла. – Ён усё яшчэ з вамі?
– Вядома, сэр. Я толькі што яго пакінуў.
– А кліенты да вас хадзілі ў вашую адсутнасць?
– Тут можна не хвалявацца, сэр. Уранку працы збольшага не бывае.
– Што ж, фактаў дастаткова, містэр Ўілсан. Праз дзень-два я з задавальненнем паведамлю вам, да якіх высноваў прыйшоў. Сёння субота, і, спадзяюся, да панядзелка ў нас ужо будзе разгадка.
– Ну, што думаеце, Ўотсан? – спытаўся Холмс, калі госць нас пакінуў.
– Ніводнай думкі, – шчыра адказаў я. – Вельмі дзіўны выпадак.
– Звычайна, – сказаў Холмс, – чым дзіўнейшай падаецца справа, тым менш дзівосаў яна ўтрымлівае. Найцяжэй разабрацца з тыповымі, нічым не адметнымі злачынствамі, гэтак жа як пазнаць чалавека з тыповым тварам. А тут, мяркую, я спраўлюся ў імгненне вока.
– З чаго ж вы пачняце? – запытаўся я.
– З курэння, – адказаў мне ён. – Гэта праблема на тры люлькі, і я папрашу вас не размаўляць са мной пяцьдзясят хвілін.
Ён згорбіўся на крэсле, узняўшы вострыя калені так, што ледзь не ўпіраўся ў іх сваім ястрабіным носам, заплюшчыў вочы і сцішыўся – яго чорная гліняная люлька нагадвала дзюбу нейкай дзіўнай птушкі. Я прыйшоў да высновы, што ён заснуў, і ўжо сам пачынаў вадзіць носам, калі раптам Холмс сарваўся з крэсла з выглядам чалавека, які на нешта наважыўся, і адклаў люльку на камін.
– Сарасатэ* грае сёння ўвечары ў Сэнт-Джэймсхоле, – сказаў ён. – Ўотсан, як думаеце, вашыя пацыенты абыдуцца без вас некалькі гадзін?
– Я не заняты. Мая практыка не адбірае шмат часу.
– Тады надзявайце капялюш і складзіце мне кампанію. Спачатку мне трэба ў Сіці, а па дарозе можам дзе-небудзь паабедаць. Бачу, што ў праграме даволі шмат нямецкай музыкі, якая падабаецца мне больш за італьянскую ці французскую. У ёй больш рэфлексіі, а мне хочацца рэфлексаваць. Хадземце!
Мы дабраліся на метро да Олдэрсгейта, адтуль крыху прайшліся да Сакс-Кобург-сквер, дзе разыграліся падзеі, пра якія мы чулі ранкам. Раён выявіўся заняпалым і цесным, чатыры шэрагі старых будынкаў глядзелі на маленькі сквер, дзе за агароджай удзірванелы газон з некалькімі бляклымі кустамі лаўравішань змагаўся за жыццё ў неспрыяльных умовах атручанага чадам паветра. Тры пазалочаныя шары і