Артур Конан Дойл

Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік)


Скачать книгу

для іх нечаканай нязручнасцю, яны могуць быць небяспечнымі, калі не засцерагчыся. Я стану за гэтай скрыняй, а вас папрашу схавацца за вунь тымі. Калі я запалю святло, неадкладна хапайце злодзеяў. Ўотсан, каля яны стрэляць, не вагайцеся і страляйце ў іх таксама.

      Я ўзвёў курок і паклаў рэвальвер на драўляную скрыню, за якой мне давялося скурчыцца. Холмс спусціў шторку ў лямпы, і нас агарнула абсалютная цемра, з якой я ніколі раней не сутыкаўся. Толькі пах гарачага металу сведчыў, што святло ўсё яшчэ з намі, гатовае разліцца ў імгненне вока. Праз напружанае чаканне мае нервы былі напятыя як струны, таму раптоўны змрок і халоднае сырое паветра сутарэнняў прыгняталі.

      – Шлях да адступлення ў іх толькі адзін, – шапнуў Холмс. – Назад праз дом на Сакс-Кобург-сквер. – Спадзяюся, вы зрабілі тое, аб чым я вас прасіў, Джонс?

      – Ля галоўнага ўвахода чакаюць інспектар і два афіцэры.

      – Значыць, мы перакрылі ўсе выхады. Цяпер нам трэба стаіцца і чакаць.

      Як толькі мы ператрывалі гэты час… Пазней, пераглядаючы свае запісы, я падлічыў, што прайшла ўсяго гадзіна з чвэрцю, але тады мне падалося, што прамінула амаль цэлая ноч і наверсе ўжо разгараўся світанак. Я стаміўся і здранцвеў, бо баяўся варушыцца, але ўсё ж быў напагатове, мой слых так абвастрыўся, што я не толькі чуў сцішанае дыханне маіх кампаньёнаў, але і мог адрозніць глыбейшае і цяжкае дыханне мажнога Джонса ад тонкіх гукаў, якія выдаваў дырэктар банка. Са свайго месца я меў магчымасць паглядаць паўзверх скрыні на падлогу. Раптоўна мой позірк ухапіў пробліск святла. Спярша гэта быў слабы бляск паміж каменнымі плітамі, які разросся ў жоўтую лінію, а потым знянацку бязгучна адкрылася нейкая адтуліна, адкуль паказалася рука, белая, падобная да жаночай, якая абмацала асветлены лапік падлогі. Хвіліну ці больш гэтая рука з рухавымі пальцамі вытыркалася з падлогі. Потым яна знікла гэтак жа нечакана, як і з’явілася, усё ізноў ахутала цемра, і толькі тонкая палоска святла пазначала сабой расколіну паміж камянямі. Але цягнулася гэта нядоўга. Адзін з шырокіх белых камянёў цяжка пасунуўся ўгару і адваліўся ўбок. На яго месцы цяпер зеўрала квадратная дзіра, з якой струменілася святло ліхтара. Адтуль паказаўся гладкашчокі хлапечы твар і цікаўна агледзеўся, потым дзве рукі ўхапіліся за берагі праёма, паказаліся плечы і тулава, і нарэшце чалавек, абапёршыся на калена, вылез цалкам. У наступны момант ён ужо стаяў побач з праёмам і выцягваў свайго супольніка, такога ж спрытнага і невысокага, як і ён сам, з вельмі светлай скурай і кучмай надзвычай рудога валосся.

      – Усё чыста, – шапнуў ён. – Давай сюды стамеску і торбы. Вось жа чорт! Назад, Арчы, назад, я сам разбяруся!

      Тут Шэрлак Холмс схапіў нязванага госця за каўнер. Яго прыяцель знік пад зямлёй, і я пачуў, як парвалася яго вопратка, бо Джонс паспеў учапіцца за яе. У промні ліхтара бліснула руля рэвальвера, але дзяржальна паляўніцкай пугі Холмса прыйшлося акурат па руцэ, якая яго трымала, і пісталет бразнуўся аб каменную падлогу.

      – Усё скончана, Джон Клэй, – спакойна рэзюмаваў Холмс. –