калонкі, але я і не чытаючы скажу вам, пра што гаворка, бо такое мы бачылі не раз. Нам раскажуць, без сумневаў, пра іншую жанчыну, п’янства, кухталі, сінякі, спагадлівую сястру альбо домаўладальніцу. І апошні пісака не прыдумаў бы нічога грубейшага.
– Ваш прыклад абвяргае вашыя довады, – сказаў Холмс, забіраючы ў мяне газету і зазіраючы ў яе. – Гэта справа пра развод Дандэса, а мне давялося высвятляць некаторыя падрабязнасці, з ім звязаныя. Дык вось, муж алкаголю ў рот не браў, у яго не было іншай жанчыны, а ўсе яго дзеянні, якія выклікалі скаргі, палягалі ў тым, што кожны раз пасля ежы ён даставаў сваю ўстаўную сківіцу і кідаў яе ў жонку. Пагадзіцеся, гэта выходзіць за межы таго, што можа прыйсці ў галаву пасрэднаму пісьменніку. Вазьміце табакі, доктар, і прызнайце, што лік на маю карысць.
Ён падаў мне табакерку колеру старога золата з вялікім аметыстам пасярэдзіне вечка. Гэтая раскоша настолькі не адпавядала ягоным простым і сціплым звычкам, што я не змог утрымацца ад заўвагі пра гэта.
– А, я забыўся, што мы з вамі некалькі тыдняў не бачыліся, – сказаў Холмс. – Гэта невялічкі падарунак караля Багеміі на знак падзякі за маю дапамогу з лістамі Ірэн Адлер.
– А пярсцёнак? – запытаўся я, паказваючы на неверагодны дыямент, што ззяў на ягоным пальцы.
– Ад галандскай каралеўскай сям’і, за тое, што я змог быць ім карысным у адной справе… але яна настолькі далікатная, што я не магу адкрыць яе дэталяў нават вам, нягледзячы на тое, што вы былі так ласкавыя апісаць некалькі маіх невялікіх справаў.
– А цяпер у вас ёсць якая-небудзь справа? – прагна спытаў я.
– Дзесяць ці дванаццаць, але ніводнай хоць крышку цікавай. Яны важныя, зразумела, але цікавасці не выклікаюць. Зрэшты, я даўно заўважыў, што толькі нязначныя справы даюць матэрыял для назірання і аналізу, што і складае чароўнасць расследавання. Буйнейшыя злачынствы звычайна прасцейшыя, бо ў іх, як правіла, больш відавочны матыў. У маіх цяперашніх справах, за выняткам аднаго даволі заблытанага выпадку, у сувязі з якім мне напісалі з Марсэля, няма нічога, што давала б пажытак для ўяўлення. Але, магчыма, літаральна праз некалькі хвілінаў у мяне будзе цікавая справа, бо сюды, калі не памыляюся, ідзе мая будучая кліентка.
Ён падняўся з фатэля і праз шчыліну ў шторах паглядзеў уніз, на цьмяную і пахмурную лонданскую вуліцу. Праз ягонае плячо я ўбачыў, што па супрацьлеглым ходніку крочыць мажная жанчына з пышнай гаржэткай вакол шыі і чырвонымі пер’ямі, што буйнымі завіткамі клаліся на шырокія палі капялюшыка, насунутага на адно вуха ў какетлівай манеры герцагіні Дэваншырскай*. З-пад усёй гэтай амуніцыі яна нервова і няўпэўнена пазірала на нашыя вокны, пагойдваючыся ў бакі і трывожна цярэбячы гузікі на пальчатках. І тут яна зрабіла рэзкі рух, нібы плывец, што адрываецца ад берага, і паспешліва пакрочыла праз дарогу. Праз імгненне да нас даляцеў рэзкі гук званка.
– Такія сімптомы я назіраў і раней, – прамовіў Холмс, кідаючы цыгарэту ў камін. – Ваганні на ходніку заўсёды азначаюць affaire de coeur.