дарагіх крамаў і велічных будынкаў, нават цяжка было ўявіць, што адваротным бокам яны выходзяць на непрыкметны і занядбаны сквер, які мы толькі што пакінулі.
– Дазвольце, я зраблю агляд, – сказаў Холмс, спыніўшыся на рагу і акідаючы вокам вуліцу. – Хачу запомніць парадак дамоў. Збіраць дакладныя веды пра Лондан – маё хобі. Вось тытунёвая крама Мортымера, газетны кіёск, Кобургскае аддзяленне Гарадскога і прыгараднага банка, вегетарыянская рэстарацыя, карэтнае дэпо Макфарлена. Далей пачынаецца наступны квартал. А зараз, доктар, паколькі мы з вамі зрабілі справу, час адпачыць. Спачатку – сэндвіч і філіжанка кавы, а потым – у свет чароўнай скрыпкі, дзе ўсё – слодыч, далікатнасць і гармонія і няма ніякіх рудых кліентаў, якія б назалялі нам сваімі загадкамі.
Мой сябра быў заўзятым музыкам і пры тым не толькі здольным выканаўцам, але і кампазітарам немалога таленту. Рэшту дня ён прабавіў у партэры з выразам найвышэйшага шчасця на твары, аддаючыся мелодыі і злёгку водзячы ў паветры доўгімі тонкімі пальцамі. У далікатнай усмешцы на твары, адсутным і летуценным позірку не было анічога ад учэпістага Холмса, нястомнага Холмса, кемлівага шпега, дапытлівага вышукальніка. Так выяўлялася дваістасць яго цэльнай натуры. Я часта думаў пра тое, што яго надзвычайная дакладнасць і востры розум сілкуюцца момантамі, калі паэтычна-сузіральны настрой цалкам валодае ім. Ён увесь час вагаўся паміж двума полюсамі: ад скрайняй млявасці да неўтаймаванай энергічнасці, і я добра ведаў пра тое, якая бура наспявае, калі днямі навылёт ён сядзіць у фатэлі, заглыблены ў свае музычныя імправізацыі ці старадрукі з гатычнымі літарамі. На змену гэтаму стану на яго раптам находзіла апантанасць пагоняй, і яго бліскучая логіка ўзрастала да ўзроўню інтуіцыі, калі людзі, не знаёмыя з метадамі Холмса, пачыналі глядзець на яго з недаверам, як на чалавека, чые веды пераўзыходзяць магчымасці простых смяротных. Калі я ўбачыў яго тым вечарам, настолькі аддадзенага музыцы ў Сент-Джэймс-холе, я зразумеў, што для тых, каго ён вырашыў упаляваць, надыходзяць змрочныя часіны.
– Вы, вядома, хочаце пайсці дахаты, доктар, – сказаў ён мне, калі мы выйшлі.
– Так, і туды таксама.
– А ў мяне ёсць справа на некалькі гадзін. Гісторыя на Кобург-сквер сур’ёзная.
– Чаму сур’ёзная?
– Тут плануецца буйное злачынства. Маю падставы думаць, што мы паспеем яго спыніць. Але тое, што сёння субота, усё ўскладняе. Увечары мне спатрэбіцца вашая дапамога.
– А якой гадзіне?
– А дзясятай будзе ў самы раз.
– Буду а дзясятай на Бэйкер-стрыт.
– Выдатна. І паслухайце, доктар, можа стацца, што там будзе небяспечна. Зрабіце ласку і пакладзіце ў кішэню рэвальвер, які застаўся ў вас са службы.
Ён махнуў мне рукой, павярнуўся і імкліва знік у натоўпе.
Даю слова, што я не дурнейшы за іншых, але маючы справу з Шэрлакам Холмсам, я часта пачуваўся прыгнечаным праз пачуццё ўласнай тупасці. Вось жа, я чуў тое самае, што і ён, назіраў тое самае, але з ягоных словаў вынікала, што ён ясна бачыў не толькі ўжо здзейсненае, але і