не піша? Ох, я проста вар’яцею, пра гэта думаючы, а ўначы вачэй не магу заплюшчыць.
Міс Сазэрлэнд выцягнула з муфты маленькую насоўку і няўцешна ў яе зарыдала.
– Я вазьмуся за вашую справу, – сказаў Холмс падымаючыся, – і не сумняюся, што пэўнага выніку мы дасягнем. Даверцеся мне і не думайце больш пра гэта. І перш за ўсё пастарайцеся зрабіць так, каб містэр Хосмер Энджэл знік з вашай памяці, як ён знік з вашага жыцця.
– Значыць, вы думаеце, што я больш яго не ўбачу?
– Баюся, што не.
– Але што з ім здарылася?
– Дазвольце мне гэта высветліць. Мне спатрэбіцца дакладнае апісанне джэнтльмена і ўсе ягоныя лісты, якія вы зможаце мне даверыць.
– Я давала аб’яву пра яго ў суботняй «Кронікл», – сказала нашая кліентка. – Вось выразка, а вось чатыры лісты ад яго.
– Дзякую. А ваш адрас?..
– Лаян-плэйс, 31, Кэмбервэл.
– І, я так разумею, свайго адрасу містэр Энджэл вам не даваў? А дзе працуе ваш бацька?
– Ён прадае віно фірмы «Вэстхаўз і Мэрбэнк», буйнога імпарцёра вінаў з Фэнчэрч-стрыт.
– Дзякуй. Вы выклалі ўсё вельмі ясна. Пакіньце паперы тут і паслухайцеся парады, якую я вам даў. Няхай усё, што адбылося, застанецца для вас таямніцай. Не давайце гэтаму паўплываць на вашае жыццё.
– Вельмі міла з вашага боку, містэр Холмс, але я так не змагу. Я буду вернай Энджэлу. Ён не расчаруецца ўва мне па вяртанні.
Нягледзячы на недарэчны капялюшык і пуставаты твар, прастадушная вера нашай візіцёркі надавала ёй нейкай высакароднасці, якая міжволі выклікала павагу. Яна пакінула невялікі пачак лістоў на стале і сышла, паабяцаўшы вярнуцца, калі б яе ні паклікалі.
Колькі хвілінаў Шэрлак Холмс сядзеў моўчкі, звёўшы разам кончыкі пальцаў, выцягнуўшы ногі і гледзячы ў столь. Потым зняў з паліцы старую бліскучую люльку, свайго заўсёднага дарадцу, раскурыў яе і, ахутаны шчыльнымі колцамі блакітнаватага дыму, адкінуўся на спінку фатэля з выразам бясконцае стомы на твары.
– Вельмі цікавы экзэмпляр гэтая дзяўчына, – сказаў ён. – Яна нашмат цікавейшая, чым яе маленькая справа – даволі банальная, дарэчы. Вы знойдзеце аналагічныя выпадкі, калі зірняце ў мой каталог: Андовер, 1877 год, штосьці падобнае ў Гаазе летась… Ідэя старая, але тут адна-дзве дэталі былі для мяне нечаканымі. І ўсё адно дзяўчына выклікае больш думак.
– Відаць, вы ўбачылі ў ёй шмат таго, што прайшло міма мяне, – заўважыў я.
– Не прайшло, проста не ўсвядомілася, Ўотсан. Вы не ведаеце, куды глядзець, таму прапускаеце ўсё важнае. Мне ніяк не ўдаецца данесці да вас, як шмат могуць расказаць рукавы, пазногці вялікіх пальцаў і якія важныя сведчанні завязаныя на шнурках у абутку. Давайце падумаем, што можна зразумець, зірнуўшы на нашую кліентку. Апішыце яе.
– Ну, на ёй быў шыракаполы травяніста-зялёны саламяны капялюш з нейкім чырвоным пяром «пад цэглу». Чорны жакет, расшыты чорным бісерам і з устаўкамі з чорнага гагату. Карычневая сукенка, цямнейшая за кафейную, абшытая пурпуровым плісам на каўняры і рукавах. Шэрыя пальчаткі,