Артур Конан Дойл

Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік)


Скачать книгу

павінныя сустрэць яе ля Браяні-Лодж.

      – І што далей?

      – Пакіньце гэта мне. Я ўжо падрыхтаваў тое, што мусіць адбыцца. Я настойваю толькі на адным: не ўмешвайцеся, хай усё ідзе сваім ходам. Разумееце?

      – Мне трэба заставацца ўбаку?

      – Так, ні ў якім разе нічога не рабіце. Верагодна, чакаецца невялікая непрыемнасць. Але не ўмешвайцеся. Скончыцца тым, што мяне аднясуць у дом. Праз чатыры ці пяць хвілінаў пасля гэтага акно гасцёўні адчыніцца. Вам трэба стаць як мага бліжэй да гэтага акна.

      – Добра.

      – Назірайце за мной – я буду навідавоку.

      – Добра.

      – І калі я падыму руку – вось так, – вы ўкінеце ў пакой тое, што я вам дам, і ў той жа момант закрычыце «Пажар!» Вы мяне разумееце?

      – Цалкам.

      – Тут няма нічога небяспечнага, – сказаў ён, выцягваючы з кішэні скрутак у форме цыгары. – Гэта звычайная водаправодная дымавая шашка*, на абодвух баках якой размешчаныя капсулі самазапальвання. Вось і ўся вашая задача. Калі вы закрычыце «Пажар!», ваш крык падхопяць многія людзі. Пасля гэтага вы можаце адбегчы на канец вуліцы, і хвілін праз дзесяць я да вас далучуся. Спадзяюся, вы ўсё зразумелі?

      – Я мушу ні ў што не ўмешвацца, стаяць ля акна, сачыць за вамі і, калі ўбачу сігнал, закінуць гэты скрутак, потым падняць трывогу і чакаць вас на рагу.

      – Усё правільна.

      – Можаце цалкам мне даверыцца.

      – Ну і цудоўна. Думаю, самы час узяцца за падрыхтоўку да маёй новай ролі.

      Ён знік у спальні і праз некалькі хвілін з’явіўся ў вобразе прыязнага і прастадушнага святара нонканфармісцкай царквы*. Яго шыракаполы чорны капялюш, мехаватыя нагавіцы, белы гальштук, зычлівая ўсмешка і агульны выраз шчырай і дабрадушнай цікаўнасці былі такія цудоўныя, што зраўняцца з ім мог хіба Джон Хэйр*. Але Холмс не проста пераапрануўся. Здавалася, выраз яго твару, манера трымацца, сама душа майго сябра змяняліся з кожнай яго новай роляй. Калі ён вырашыў зрабіцца дэтэктывам, сцэна страціла ў ім вялікага актора, а навука – праніклівага мысляра.

      Мы пакінулі Бэйкер-стрыт у шэсць пятнаццаць і калі апынуліся на Серпентайн-авеню, да сямі заставалася яшчэ дзесяць хвілін. Вечарэла, і пакуль мы прагульваліся перад Браяні-Лодж, чакаючы яго жыхарку, запаліліся ліхтары. Дом аказаўся акурат такім, якім я ўявіў яго з кароткага апісання Холмса, аднак раён быў не настолькі зацішным, як я чакаў. Наадварот – для маленькай зацішнай вулкі там тоўпілася занадта шмат народу: група пашарпанага выгляду мужчынаў смяялася і курыла на рагу, тачыльшчык стаяў са сваім колам, два гвардзейцы заляцаліся да маладой нянькі, а некалькі добра апранутых маладых людзей з цыгарамі прагульвалася туды-сюды.

      – Разумееце, – зазначыў Холмс, калі мы праходжваліся перад домам, – гэтае вяселле толькі спрашчае справу. Фотаздымак робіцца зброяй, вострай з абодвух бакоў. Цалкам верагодна, што яна не хоча, каб містэр Годфры Нортан убачыў гэты здымак, як наш кліент не хоча, каб ён трапіў на вочы прынцэсе. Перад намі стаіць пытанне, дзе фотаздымак шукаць.

      – І