Майн Рыд

Коннік без галавы


Скачать книгу

і працягваў скакаць галопам; ззаду яго зусім блізка, як і раней, скакала яго спадарожніца. Аднак у рухах ірландца не было ранейшай упэўненасці – здавалася, ён вагаецца і ніяк не можа прыйсці да рашэння.

      Ледзь ад’ехаўшы ад яра, Морыс нацягнуў павады і павярнуў каня, як быццам вырашыў скакаць назад.

      – Міс Пойндэкстэр, – сказаў ён сваёй спадарожніцы, якая ўжо паспела параўняцца з ім, – едзьце уперад адна.

      – Але чаму, сэр? – спытала яна, тузануўшы аброць і рэзка спыніўшы каня.

      – Калі мы не разыдземся, жарабцы нас дагоняць. Трэба нешта зрабіць, каб спыніць раз’юшаны табун. Зараз яшчэ ёсць адна магчымасць. Богам прашу, не задавайце пытанняў! Дзесяць згубленых секунд – і будзе ўжо позна. Паглядзіце ўперад – бачыце бліскучую паверхню вады? Гэта сажалка. Скачыце прама туды. Там вы апынецеся паміж дзвюма высокімі загарадзямі. Каля сажалкі яны сходзяцца. Вы ўбачыце вароты і каля іх жэрдкі. Калі я не падаспею, скачыце прама ў гэты загон, злезьце з каня і загарадзіце ўваход жэрдкамі.

      – А вы, сэр? Вы ставіце сябе пад вялікую небяспеку…

      – He бойцеся за мяне. Адзін я нічым не рызыкую. Калі б не крапчасты мустанг… Хутчэй жа, уперад! He губляйце з вачэй сажалкі. Няхай яна служыць вам маяком. He забудзьце загарадзіць уваход у загон. Хутчэй жа! Хутчэй!

      Адну-дзве секунды дзяўчына вагалася, не адважваючыся расстацца з чалавекам, які дзеля яе выратавання гатовы быў аддаць сваё жыццё.

      На шчасце, яна не належала да ліку баязлівых дзяўчат, якія ў цяжкую хвіліну губляюць галаву і цягнуць на дно свайго выратавальніка. Яна верыла свайму дарадчыку, верыла ў тое, што ён ведае, як дзейнічаць, і зноў пусціла каня галопам, накіроўваючыся да сажалкі. А Морыс павярнуў свайго каня і паскакаў назад, да яра, цераз які яны толькі што пераскочылі.

      Расстаўшыся са сваёй спадарожніцай, мустангер выняў з седлавой сумкі самую дасканалую зброю, якая калі-небудзь падымалася супраць жыхароў прэрыі – для атакі або абароны, – супраць індзейцаў, бізонаў або мядзведзяў. Гэта быў шасцізарадны рэвальвер сістэмы палкоўніка Кольта. He якая-небудзь дзяшовая падробка, пад выглядам удасканалення, фірмы Дзіна, Адамса і падобных да іх, а сапраўдны выраб «краіны мускатных арэхаў» з кляймом “Хартфорд” на казённай частцы.

      – Яны будуць скакаць у тым жа вузкім месцы, дзе і мы, – прамармытаў ён, сочачы за табуном, які ўсё яшчэ знаходзіўся па той бок. – Калі мне ўдасца ўлажыць хоць аднаго з іх, гэта можа спыніць іншых ці затрымаць іх настолькі, што мой мустанг паспее паскакаць назад. Іх важак – вось гэты гняды жарабец. Ён, канешне, скочыць першым. Мой рэвальвер б’е на сто крокаў. Цяпер пара!

      Ледзь паспелі прагучаць апошнія словы, як пачуўся трэск рэвальвера. Самы буйны з жарабцоў – гняды – пакаціўся па траве, перагарадзіўшы дарогу астатнім.

      Некалькі мустангаў, што імчаліся за ім, адразу спыніліся, а потым і ўвесь табун.

      Мустангер не стаў сачыць за далейшымі паводзінамі жарабцоў і больш не страляў. Выкарыстаўшы іх замяшанне і не губляючы часу, ён павярнуў на захад і паскакаў