Майн Рыд

Коннік без галавы


Скачать книгу

па крайняй меры дваццаць загоншчыкаў. Мая зброя, калі толькі можна яе так назваць, – вось гэта ласо.

      – Вы так адмыслова ім валодаеце! Я чула пра гэта, ды і сама бачыла.

      – Вы вельмі велікадушны. Аднак я не заслугоўваю гэтай пахвалы. У прэрыях ёсць мексіканцы, якія нібы нарадзіліся з ласо ў руках. I тое, што вы лічыце адмысловым, здалося б ім проста непаваротлівасцю.

      – Я думаю, містэр Джэральд, што вы па сціпласці пераацэньваеце сваіх сапернікаў. Я чула зусім іншае.

      – Ад каго?

      – Ад вашага сябра містэра Зебулона Стумпа.

      – Ха-ха! Стары Зеб – дрэнны аўтарытэт, калі справа тычыцца ласо.

      – Я б хацела таксама навучыцца кідаць ласо, – сказала маладая крэолка, – але кажуць, што гэты занятак для дзяўчыны непрыстойны. He разумею, што ў ім дрэннага, а гэта так цікава!

      – Непрыстойны? Гэта такі ж нявінны спорт, як катанне на каньках ці стральба з лука. Я знаёмы з адной дзяўчынай, якая цудоўна валодае гэтым майстэрствам.

      – Яна амерыканка?

      – He, мексіканка і жыве ў Рыо-Грандэ. Часам яна прыязджае да нас на Ляону: тут жывуць яе родзічы.

      – Яна маладая?

      – Так, прыкладна ваша равесніца, міс Пойндэкстэр.

      – Высокая?

      – Крыху ніжэйшая за вас.

      – Але, канешне, намнога прыгажэйшая? Я чула, што мексіканкі сваёй прыгажосцю намнога пераўзыходзяць нас, амерыканак.

      – Мне думаецца, што крэолкі не ўваходзяць у гэту катэгорыю, – з вытанчанай ветлівасцю адказаў ірландзец.

      – Цікава, ці змагла б я навучыцца кідаць ласо? – працягвала маладая крэолка, як быццам не заўважыўшы камплімента. – Ці не позна мне за гэта брацца? Я чула, што мексіканцы пачынаюць з дзяцінства, па гэтаму яны і дасягаюць такой спрытнасці.

      – Канешне не позна, – паспяшаўся адказаць Морыс. – Пройдзе год-два, і вы навучыцеся добра кідаць ласо. Я, напрыклад, усяго тры гады займаюся гэтай справай, і…

      Ён замаўчаў, бо яму не хацелася паказацца хвальком.

      – А цяпер вы валодаеце ласо лепш за ўсіх у Тэхасе? – закончыла субяседніца, адгадаўшы нявыказаную думку.

      – Не-не! – смеючыся, запратэставаў ён. – Гэта стары Зеб так лічыць, а ён мяркуе аб маім майстэрстве, мабыць прымаючы сваё за ўзор.

      «Што гэта – сціпласць? – не магла зразумець крэолка. – Ці гэты чалавек смяецца з мяне? Калі б гэта было так, я звар’яцела б».

      – Вам, мабыць, хочацца вярнуцца да вашых сяброў? – сказаў Морыс, заўважыўшы яе рассеянасць. – Ваш бацька, мабыць, ужо непакоіцца, што вас так доўга няма. Ваш брат, ваш кузен…

      – Так, ваша праўда, – паспяшалася яна адказаць тонам, у якім гучала нотка не то крыўды, не то прыкрасці.– Я не падумала пра гэта. Дзякую, сэр, што вы напомнілі мне пра мае абавязкі. Пара вяртацца.

      Яны зноў ускочылі на коней. Неахвотна падабрала Луіза павады, неяк марудліва прасунула ногі ў страмёны; здавалася, ёй зусім не хацелася ехаць адсюль.

      Калі яны зноў выехалі ў прэрыю, Морыс накіраваўся са сваёй спадарожніцай да месца пікніка самай кароткай дарогай.

      Іх