Кастусь Травень

Маўчы і будзь хітрым (зборнік)


Скачать книгу

змены, без дзесяці хвілінаў да дзвюх гадзін, Зміцер напорыста, нават ваяўніча, з пыхай вядомага і знакамітага барда і паэта імкліва крочыў у атачэнні паплечнікаў у фае універсітэта ад дзвярэй да прыступак. Уперадзе ягоныя сябры Міхась і Стах пракладалі шлях «знакамітасці» і адначасова дзейна махалі махаламі, адганяючы ўяўных матылькоў і кузурак, як робяць гэта будысты перад сваім ламай. Зміцер прыпыніўся на верхняй прыступцы. Апрануты ў белую свежую кашулю і чорныя адпрасаваныя штаны, з прыгожай капой кучаравых русых валасоў, ён узнёсла кінуў руку наперад і з натхненнем пачаў чытаць верш: – «Без веры, без імкненняў сэрца – пусціня, адцвілая, зрудзелая, сухая, дзе уздыхае адно бясплодны сухавей, дзе цішыня і то, здаецца, не такая. Нічым ты гэтай пусціні не наліеш, ні радасцяй пустою, ні уцехай, не ўспеніш рэха па імклівых песнях, што былі калісь мае, а сёння – непатрэбны, сцерты вехаць...[4]»

      Дэкламаваў Зміцер з вялізарнай палкасцю і лірызмам; вестыбюль, поўны студэнтаў, заціх, і былі чуваць толькі выразныя словы верша. У гэты міг у дзверы прасунулася постаць дацэнта Арсена Аляксеевіча Пятакова, што спяшаўся на лекцыю. Зміцер, не заўважыўшы выкладчыка, якраз хітаў рукой у бок дацэнта і прамаўляў поўныя маркоты словы: «…а сёння – непатрэбны, сцерты вехаць».

      Грымнуў смех, рагаталі ўсе, хто быў у вестыбюлі, нават выкладчыкі. Пяцідзесяцігадовы, зношаны жыццём дацэнт быў вядомы курвель-халасцяк, які ўсё яшчэ не цураўся карыстацца інтымнымі паслугамі маладзенькіх студэнтак, што не мелі цвёрдых ведаў па гісторыі, таму яго не любілі ні выкладчыкі, ні навучэнцы.

      Насцярожаны дацэнт, пачуўшы апошнія словы па-за кантэкстам верша і таму зняважлівыя ў дачыненні да ягонай асобы, злосна зыркнуў вачыма ў бок Змітра і хутка рушыў у аўдыторыю. Студэнты і выкладчыкі, смеючыся, у добрым настроі падаліся на заняткі. «Таварыш Маўзер» ізноў стаў знакаміты на ўвесь універсітэт.

      Яшчэ з тыдзень Зміцер на пачатку другой вучэбнай змены чытаў у вестыбюлі кожны раз новы верш. Калі ён імкліва праходзіў у атачэнні сяброў, што рупліва махалі махаламі, да прыступак і потым узнёсла, з магутнай экспрэсіяй, казаў: – «…я пішу пра род мой нязводны, што вядзе адлік ад плуга. Бачу ўсё: як улазяць у скуру, як аж плішчуцца вон з яе, з польскім акцэнтам кажучы – курвы, а па-нашаму – блядаўё. Што ж вы, сукі, на целе Краю выкабельваеце кубло? У спадзеве, што вашу зграю абароняць сіла й бабло? Не, шасцёркі пятай калоны, сыты сьмех ваш – то п’яны сон…»,[5] у студэнцкім асяроддзі міжволі пачыналі ўзнікаць нейкія пачуцці, ад якіх у сваю чаргу нараджаліся нязвыклыя думкі.

      Нарэшце кіраўніцтва не вытрымала ягоных рэвалюцыйных паводзін, і Змітра выклікалі ў дэканат. Дэкан Раман Сяргеевіч Цвік – сучасны, малады, ветлівы, стрыманы і ўважлівы – адказаў на прывітанне на роднай мове і потым увесь час трымаўся мовы.

      – На вас, шаноўны спадар Зміцер, прыйшла скарга ад выкладчыка кафедры гісторыі і філасофіі дацэнта Пятакова. Патлумачце мне, калі ласка, як гэта ў вас атрымалася – прылюдна абразіць