– вілаводная істота і помслівы чалавек. Будзе чакаць усе пяць гадоў, падловіць жыг і ўсё роўна чалавеку аддзячыць. Ты яму наступіў на самы мазоль. Шараговы чалавек ці навучэнец для яго існуе як якая-небудзь рэч, шруб ці ніт.
Ён узняўся з стуліка і, размінаючы занямелыя ногі, рушыў па пакоі.
– Як смала прыскяпаўся да мяне Пятак. Незразумела, адкуль ён нечакана ўзнік на нашым факультэце? «Говорите нормальным языком…» Адказаў я на пытанні, а ён наблытаў розных супярэчнасцяў. Я кажу, што руска-ліцвінская вайна 1654–1665 гадоў з боку Расіі была захопніцкай, а ён заяўляе, што вызваленчая, і не руска-літоўская, а руска-польская, потым дадае: «Больш чым здавальняюча паставіць не магу».
Алесь, усхваляваны мінулымі падзеямі, прайшоў па пакоі сцішаным крокам, робячы аналіз бягучых падзей, і засяроджана дадаў: – Але справа не толькі ў гэтым. Пятак можа памяняць мой жыццёвы лёс. Нашыя шляхі ўжо перасякаліся аднойчы на адной імпрэзе. Тады я ў яго з-пад носа звёў пані Гражыну. Ох, брат, і бабенцыя – спадарыня Гражына.
Ён загарэўся дзіўным агнём маладосці, абцяжаранай уласнай гіперсексуальнасцю, і ў захапленні развёў рукамі, паказваючы ўсю моц і прыцягальнасць пані Гражыны, потым, ужо згасаючы, змрочна дадаў: – Так вось, брат. А цяпер гэты твой верш. Ён і ўсе астатнія будуць думаць, што мы гэта знарок падстроілі. А я ж хацеў у аспірантуру рушыць. З «траяком» па аснове і не совайся.
– Прабач, а хто гэта – «усе астатнія»? – Тыя, хто ўваходзіць у кодла. Хто жыве над ватэрлініяй. Ведаеш, любяць яны ці не любяць Пятака, але карпаратыўныя інтарэсы будуць абараняць будзь здароў. Нават калі ты прылюдна папросіш прабачэння ў Пятака, то і гэта табе не дапаможа. Лепш за ўсё пераводзься на завочнае навучанне. Алесь ні то жартаваў, ні то хацеў напалохаць Зміцера, але казаў сурёзна, без усмешкі, нават змрочна..
– Ты што, здурнеў? Я толькі самы смак пачаў атрымліваць ад вучобы і жыцця. Толькі пачаў думаць…
Але Алесь паглыбіўся ў віры сваіх стратэгічных одумаў і не чуў ягоных апошніх слоў. Зміцер між тым узрушана бегаў па пакоі: – Калі цераз перашкоду нельга перайсці, то тады яе трэба нейкім чынам выдаліць са свайго шляху.
– Выдаліць? Нерэальнае трызненне. Простае сатрасенне паветра. – Алесь не любіў пустых гукаў.
– Тады ўзамен рэальны – твой шараговы лёс вясковага настаўніка.
– І тваё завочнае навучанне.
Абодва змоўклі. Перспэктыва бліжэйшай будучыні паўставала нецікавай і нават змрочнай.
V
Неўзабаве, ужо на веснавой сесіі, Змітру надыходзіў час здаваць іспыт па сучаснай гісторыі дацэнту Пятакову. У недалёкім мінулым камуністычны артадокс, псеўдамарксіст і дагматык, ён спрытна перакаваўся на новую ідэалогію расійскага патрыятызму, на іспытах рэзаў тутэйшых нацдэмаў без усялякага жалю і літасці. Тым, хто адказваў яму на семінарах на трасянцы, Пятак чытаў мараль, якую пачынаў з словаў: «…молодой человек. Любите русский язык. Культура начинается с языка…» І далей далдоніў так, што ў тутэйшых слухачоў вушы пухлі.
Калі