пане інспектар.
– І, думаю, ён тут без усялякай карысці сядзіць. Перавядзіце яго ў трэці аддзел.
– Так, перавяду, пане інспектар.
– І яшчэ. З тых кніжак, што я для вашай бібліятэкі прывёз, прашу яму «Тараса Бульбу» аддаць ва ўласнасць.
IX. Друг
Масленічныя вакацыі Стах прабавіў надзвычай весела. Калі хатнія даведаліся, як яго адзначыў інспектар, то літаральна на руках малога насілі.
Трэцюю чвэрць навучальнага года хлопец праседзеў у трэцім аддзеле. Вучыўся старанна, паводзіўся ўзорна, паслухмяна, як і абяцаў інспектару, увесну быў пераведзены ў чацвёрты аддзел і радасны вярнуўся ў Рагі.
Але восенню ён зноў з’язджаў неахвотна, і прычынай гэтага было набрынялае нянавісцю стаўленне да яго вучняў-іншаверцаў і з’едлівыя водгукі пра яго саміх настаўнікаў.
Ён прыехаў у другім тыдні верасня, акурат да пачатку заняткаў. Большасць лаваў зеўрала пустатой, але чацвёрты аддзел у першы ж дзень з’явіўся ў поўным складзе. Цяпер у ім вучыліся Стах, адзін з братоў Паўловічаў, Барух Салавейчык, сын рэзніка з мястэчка, і пяцёра беларусаў. Настаўнік застаўся той самы.
Каля месяца вучняў у школу хадзіла вобмаль, а потым пачалі збірацца. Шмат запісалася навічкоў. Стах у новапрыбылых палякаў з цікавасцю пытаўся пра прозвішча, мясцовасць, паходжанне і сваякоў, прагнучы знайсці крэўных, якія цалкам маглі адшукацца ў Балашэвічаў у ваколіцах Вончы.
Аднойчы раніцай ў сярэдзіне кастрычніка разам з купкай беларусаў у парцянках і лапцях у школе з’явіўся адметны хлопец невыразнага паходжання. Быў ён у заечай шапцы, сівой світцы – такія носяць у беларускіх вёсках, штанах з даматканага сукна і прыгожых чорных ботах вышэй за калена. Не тое паляк з рускай вёскі, не тое русін з заможных купчанскіх хутаран. Найбольш усіх зацікавілі боты: такіх ніхто ў школе не тое што не меў – нават не бачыў ніколі. Гадоў прыбыш меў пятнаццаць ці нават болей, бо дужы быў і крэпкі, а на твар – мілы і прывабны. Стах з першага погляду адчуў да яго вялікую сімпатыю. Яму нават здалося, што недзе гэтага хлопца ён ужо бачыў.
Навічка адразу абступілі сталыя вучні, уважліва да яго прыглядаючыся. Некаторыя нават абмацваць пачалі.
– Зваць як? – падступіў Кірпаты, найвялікшы ў школе задзіра і насмешнік.
– А табе навошта? – даў адлуп гаспадар доўгіх ботаў, мераючы нахабу позіркам.
– Мне навошта?! – закрычаў Кірпаты. – Я настаўніка замяняю! А ну кажы, як зваць!
– Так, ён настаўніка замяняе, – пацвердзілі ўсе.
– Зваць мяне Косцік, – паведаміў навічок, убачыўшы вакол толькі сур’ёзныя міны.
Смех выбухнуў разам з мянушкамі:
– Косцік! Хвосцік! Мосцік!
Косцік пачырванеў як бурак.
– А па фаміліі як? – пытаў Кірпаты далей.
– Не адказвай яму, ён звычайны дурань, два гады ў адным класе сядзіць! – выкрыкнуў аднекуль ззаду Стах.
Косцік пхнуў Кірпатага ў грудзі.
– Ах вось так?! Паваяваць са мной хочаш?! – заверашчаў Кірпаты.
– Я не баюся, – адказаў новенькі. – Хочаш – паваюем.
– Ну давай. Даведаешся, колькі фунт ліха каштуе.