разышліся ў ланцуг, як і рускія насупраць. Побач стала чацвёра татарскіх хлопцаў. Але габрэі збіліся ў купку і жыва штось абмяркоўвалі.
– Гэй, чаго не шыхтуецеся? Чаму ў рад не становіцеся, як астатнія? – крычаў настаўнік.
Барух зноў выступіў наперад:
– Гаспадзін учыцель, мы не можам станавіцца супраць рускіх людзей. Мы будзем за рускіх супраць палякаў. Мы ўжо ідзём да вас. Ком ахер, брыдэр,[9] – паклікаў ён сваіх.
– Не хочам мы пархатых, не трэба! – запратэставалі насупраць. – Памочнічкі тут знайшліся! Мы з вамі хочам біцца! Станавіцеся, нехрысці пархатыя!
Габрэйчыкі зноў хвіліну параіліся, а потым паднялі рукі ўверх і, выступаючы наперад, закрычалі ў адзін голас:
– Мы ў плен здаемся! Здаемся без бою! Забірайце нас у плен!
Рускія пачакалі, пакуль «палонныя» наблізяцца, а тады сыпанулі ў іх чаргой са снежак – аж завіравала.
Габрэйчыкі – у гвалт, у піск, рукі ў ногі і хто куды.
– Брава, хлопцы, брава! – так гэтым тхарам і трэба, – пахваліў настаўнік. – А зараз вунь тым шляхціцам ганарлівым усыпце. Не бойцеся, снегам не пакалечыце.
Паўтара дзясятка хлопцаў кінулася ў пагоню за габрэямі, астатнія пайшлі ў наступ на дзевятнаццаць палякаў і татараў.
– Хлопцы, каб ніхто ўцякаць не смеў! – закрычаў Косцік. – Адзін раз мама нарадзіла! Трымаймася, пакуль дыхання хопіць! Пуляць моцна і проста ў морду, каб мала не здалося!
Яны сцягнуліся ў шчыльны ланцуг і пачалі адбіваць атакі. Некаторыя падчас габрэйскага гандлю наляпілі сабе па два дзясяткі снарадаў і цяпер імкліва шпулялі гатовыя.
Рускія «кулі» сыпаліся на іх заеддзю, па некалькі на кожнага за раз, балюча джгалі, перапынялі дыханне, сляпілі вочы.
Стаху і іншым меншым хлопцам праз некалькі хвілін такой буры ўжо хацелася плакаць, але яны сціснулі зубы і трымаліся. Яны сустракалі снежкі спінай, потым закрывалі локцем твар і пулялі па прыкладзе таварышаў.
– Давайце, хлопцы, давайце! Смела валіце, каб нас потым кацапы тхарамі не дражнілі! Бачыце, як за морды хапаюцца! Добра трымаемся, давайце, хлопцы! – бесперастанку падбадзёрваў Косцік.
Ён натхняў і словам, і справай: ляпіў снарады цвёрдыя і вільготныя, памерам з добрую бручку, біў трапна, а ў каго пацэліў, той вылятаў з поля плачучы. Гледзячы на яго, і іншыя зацята лупілі. Для большага выніку паскідвалі світкі.
Але яны не маглі зваяваць праціўніка, чыё войска пераважала колькасцю ў чатыры разы. Рускі ланцуг пуляў з усё большай ярасцю і галасам, паволі пасоўваючыся наперад і абступаючы палякаў злева і справа. Іх падбадзёрвалі настаўнік і натоўп дарослых, якія, пачуўшы на школьным двары нязвыклы шум, сышліся з усяго мястэчка.
«Параненыя» Косцікам хлопцы абтрасаліся ў тыле, хвіліну адпачывалі, набіраліся смеласці і вярталіся да бойкі. Пераследнікі габрэяў вярнуліся і зайшлі палякам са спіны, узялі іх у колца, каб ні адзін не вырваўся, і павольна змыкалі шэрагі. Наблізіўшыся на адлегласць дзесяці крокаў, грымнулі гістарычнымі словамі, што Сувораў сказаў Кацярыне: «Ура! Варшава