сямейства і ўсё зжэрла, растрапала, паламала. Вялікая надзея яшчэ на проса была, якое ўрадзіла надзіва: высокае, сцябліны як тронкі грабляў, мяцёлкай па галаве дасі – і няма чалавека. Цешыліся, чакаючы, пакуль добра даспее, але тут дождж з ветрам наляцеў, і праз тры дні стала пустая салома: асыпалася проса на зямлю да апошняга зярнятка.
Адна карова вясной у балоце ўтапілася, другая таксама здохла – рысь пажэрла вымя. Зімой ваўкі падкапалі хлеў і задушылі свінаматку.
Прыйшла вясна, а ў іх, як кажуць, ні цыбулі, ні куды цыбулю ўкінуць. А жонка тым часам, як тое ў гароце і бывае, нараджала дзяцей адно за адным.
Балашэвіч валасы на галаве рваў ад роспачы.
Час ад часу ў Рагі з цікавасці зазіралі нітаўцы, кпілі і застрашвалі:
– Ляху, ляху! – крычалі. – Дзе ў цябе розум з галавой былі, калі ты ў такую глуш, такое чарналессе пёр? Ты што, на ўсім свеце лепшага месца не знайшоў? Бяжы, пакуль можна, а то згінеш разам з усімі сваімі вырадкамі!
Балашэвіч і сам ужо вельмі шкадаваў пра сваё неразважнае пачынанне, але ўцякаць было позна. За што новую арэнду падымаць? Як паказацца людзям на вочы з чародкай паўголых змораных дзяцей?
Ён сціснуў зубы і застаўся, вырашыўшы змагацца, пакуль ногі не выпруціць. Паехаў да швагра, выпрасіў насення, засеяў колькі было поля і з дзецьмі церабіў пушчу далей. Другі ўраджай быў лепшы і на цэлы год даў ім прынамсі хлеба. Восенню дзяўчаты назбіралі ў лесе дванаццаць пудоў[6] арэхаў на продаж. Зімою ён сам узяўся рабіць цэбры з вёдрамі, а хлопцы налаўчыліся лавіць у сіло тхароў і лісіц ды паляваць з сякерай на гарнастаяў. Увесну яны абярнулі гэта ўсё на грошы і аддалі на гадоўлю быдла.
Яны заглыбляліся ў пушчу ўсё смялей і грунтоўней – працавалі ўсе, аж да трохгадовага дзіцяці, працавалі як мурашы, заўзята і дружна: секлі, карчавалі, збіралі галлё, закураныя дымам і запэцканыя сажай.
Паляна шырылася, расла, і з кожным годам хлеба і ўсялякіх дабротаў у Балашэвіча прыбывала.
Праз пяць гадоў у Рагі завітаў памешчык, пахваліў за працавітасць і прызначыў суму арэнды. Спачатку мала – усяго дзесяць рублёў, але потым кожны год на тры, на пяць, а то і на дзесяць рублёў падымаў. Калі прайшло дзевятнаццаць гадоў, хацеў выселіць, бо баяўся, што пададуць на адчужэнне паводле тэрміну даўнасці. Але Балашэвіч угаварыў: пакляўся гонарам і продкамі ды падпісаў паперу, што ні ён, ні ягоныя сыны ніколі не хацелі Рагі прыўлашчыць. І іх пакінулі. Толькі з Балашэвічам і абышліся так мякка, бо за яго паручыўся памешчык, у якога ён наймаў зямлю перад гэтым. Ад іншых арандатараў уласнік пушчы не прыняў ні слова, ні подпісу – выселіў гвалтам з паліцыяй, а на іх месца засяліў новых.
Цяпер Рагі былі самым заможным хутарам у ваколіцах.
«Вам зараз толькі жыць і песні спяваць», – успомніў Балашэвіч нядаўнія словы лесніка.
Можна было б і спяваць, калі б не свавольныя Ніты. Вось красуе ніва – дзесяцін на дванаццаць – буйнога, як чарот, і густога, як шчотка, жыта. А вунь там – яшчэ адно такое поле шуміць