штосьці русалчына. Яна і сама падобная на русалку, толькі ў сучасным варыянце. Яго былая студэнтка. Ён выкладаў жывапіс на іхнім курсе. У той час, калі ўзнікла магчымасць паўгадавой стажыроўкі за мяжой, Ала некалькі месяцаў жыла ў яго майстэрні. Ён сабраўся ехаць, яна кінула вучобу і паехала разам з ім.
Некалькі яго персанальных выстаў, арганізаваных з вялікімі намаганнямі, адбыліся ў Германіі і Аўстрыі. Яны прайшлі вельмі ўдала, Мікола не чакаў такога поспеху. На грошы, атрыманыя ад продажу карцін, яны з Алай аб’ездзілі ледзь не ўсю Еўропу. З якой ахвотай і захапленнем ён паказваў гэтай дзяўчыне архітэктурныя помнікі, якія марыў пабачыць яшчэ ў юнацтве! Многія з гэтых плошчаў і сусветна вядомых сабораў адлюстраваныя ў шыкоўных, замежнага друку альбомах, што стаялі ў Міколавай майстэрні. Хіба мог ён, студэнт, які прыехаў у сталіцу з невялікага правінцыйнага гарадка, будучы мастак, у якога не хапала грошай на самае неабходнае, на якасныя, найлепшага гатунку фарбы, – хіба мог падумаць, што некалі ўбачыць тыя гарады на яве?! Яны разам хадзілі па музеях Італіі, Германіі, Францыі, Іспаніі. Луўр, Прада, Дрэздэнская галерэя – Мікола пераступаў парог кожнага з музейных будынкаў, як пераступаюць парог раю, калі ён існуе, дзе зямнога чалавека чакае вечнае, бясконцае шчасце. У музеях паказваў Але любімыя карціны і распавядаў пра любімых мастакоў.
Калі апошні раз яны вандравалі па Еўропе, светлавалосая русалка з зеленаватымі вачыма пачала ад яго душэўна аддаляцца. Але Мікола думаў, што яна проста стамілася ад падарожжаў і ўражанняў, якія літаральна абрыньваліся на іх, як вадаспад, у кожным горадзе. Ён спадзяваўся, што яе халоднасць часовая. Яны вернуцца дадому, і адносіны іх вернуцца да ранейшай акрэсленасці. Цяпер яна сама паставіла кропку. Мастаку было крыўдна, як дзіцяці, якога падманулі. Далі прывабную цукерку, а там аказаўся пусты фанцік…
Можа, яна сапраўды русалка? Мікола ўспомніў дзіўнае пачуццё, якое аднойчы зведаў у Італіі. Калі казачная Венецыя, па якой яны з Алай блукалі цэлы дзень, аддалілася на колькі кіламетраў, у Міколы ўзнікла адчуванне, што гэты горад і ўсё, што ён бачыў сёння – фантастычнай прыгажосці палацы, плошчы, музеі, каралеўская раскоша старадаўніх будынкаў,– усё прывід. Міраж, што ўзнік у яго мастакоўскім уяўленні. А насамрэч горада, пабудаванага не на зямлі, трывалай і надзейнай, а на вадзе, не існуе. Побач з Венецыяй мора, і ўсюды вакол – маленькія і вялікія каналы, і зверху на іх ліў бясконцы дождж. І часам мастаку здавалася, што трапіў ён у дзівосны і падманлівы падводны свет. I гэты сон мусіць раней ці пазней скончыцца, бо ўсе сны некалі скончацца.
Можа, і Ала з’яўлялася часткай сну? Незвычайна, фантастычна прыгожая, калі знаходзілася побач, яна здавалася цяпер амаль нерэальнай. Ці прысутнічала яна наогул у ягоным жыцці? Не, напэўна, усё ж была. Але нырнула, як русалка, у глыбіню, і шукай, дзе хочаш…
Мікола не мог сказаць, што яму не хапае штодзённай прысутнасці гэтай дзяўчыны. Ежу ён і сам згатуе. Найбольш крыўдна было, што кінулі яго. Таго, хто сам распараджаўся ўласным