ў рудніку, або як раб на галерах. Працаваў днямі, пакуль вечарам стома не валіла з ног. Ехаць з майстэрні дахаты, а потым ранкам вяртацца назад не мела ніякага сэнсу, і Мікола амаль жыў у майстэрні. А сваю кватэру часова аддаў сябру, які разышоўся з жонкай, сышоў ад яе і не меў дзе прытуліцца.
Раздзел другі
Паненкі
Ніколі не вяртайся ў мясціны, дзе ты быў шчаслівы! Гэтая думка, недзе вычытаная ці пачутая, так уразіла яшчэ ў юнацтве, што запомнілася на ўсё жыццё. Мікола і сапраўды імкнуўся не вяртацца – баючыся расчараванняў, не жадаючы парушыць паэтычны, узвышаны вобраз, які жыў у душы, спеў у ёй, каб у рэшце рэшт перайсці на жывапіснае палатно ці графічны аркуш. Ён амаль ніколі не вяртаўся да жанчын, з якімі некалі перажыў хвіліны душэўнага ўздыму і шчасця, падазраючы, і не без падстаў, што самае цікавае ён зведаў. А далей усё будзе сапсавана – сваякамі, яе і яго, побытам, спрэчкамі, папрокамі, канфліктамі і непаразуменнямі…
Мікола падабаўся жанчынам. I ведаў пра гэта. Нельга сказаць, што ён карыстаўся такімі здольнасцямі свядома. Ён глядзеў на іх з задуменнай усмешкай, часам дарыў кветкі, часам маляваў іх партрэты. Шчыра захапляўся, моўчкі або ўголас, іх прыгажосцю і далікатнасцю натуры. Але жанчынамі так рэдка хтосьці захапляўся, што яго нячастыя кампліменты гучалі для іх як чароўная музыка, якую яны былі згодныя слухаць бясконца.
Ён цярпліва выслухоўваў іхнія споведзі. Часам яны гучалі ўперамежку са слязьмі, часам са смехам. Жыццёвыя гісторыі вар’іраваліся, але не надта моцна. У маладзенькіх дзяўчат звычайна былі бацькі, якія не разумелі іх, або жаніх ці малады чалавек, які іх кінуў. У трыццацігадовых жанчын меўся не надта прыгожы ці не надта любы муж, непаслухмяныя дзеці, злосная свякруха ці нядобразычлівая мужава радня. Ён выслухоўваў, таму што некаму яны павінны былі сказаць, каб аблегчыць сабе душу. А слухаць мала хто хацеў і ўмеў. Звычайна тыя горкія слёзы высыхалі потым падчас спаткання ад ягоных пацалункаў.
Яго стыль паводзін – усмешка, галантнасць, уменне слухаць і высока цаніць жаночае хараство – бездакорна дзейнічаў на лепшую палову чалавецтва. Звычайна стасункі Міколы з жанчынамі заканчваліся тым, што ў іх душах пачынала рабіцца штосьці незразумелае. Яны самі кідаліся яму на шыю і прызнаваліся ў каханні.
– Слухай, Мікола, дык ты – проста прафесійны спакуснік, – сказаў аднойчы сябра, які меў магчымасць з паўгадзіны назіраць, як Мікола размаўляў са сваёй знаёмай. – Дон-Жуан ці Казанова… Ты калі-небудзь супакоішся?
У тых словах Мікола пачуў не дакор, а прыхаванае захапленне і лёгкае адценне зайздрасці. Ён засмяяўся:
– Супакоюся, але не хутка!
Ён не пакрыўдзіўся. Захапленне няможна зрабіць прафесіяй. Яго прафесія – жывапіс. I яшчэ – графіка. А жанчыны – заўсёдны стымул для творчасці. Яны ляцелі да яго, бы матылькі на агеньчык. Ішлі проста ў рукі. Дык чаму ён павінен адмаўляцца? Уцякаць ад іх – ці што? Рабіць з сябе святога?
Мікола нікому не прызнаваўся ў каханні, нічога не абяцаў і