цярпенне. Люда плакала, казала, што ён эгаіст, заўсёды думае пра сябе. Што яму ніхто не патрэбен, толькі мастацтва, і што гэта ён двойчы прымусіў яе пазбавіцца ад цяжарнасці, а цяпер у яе наогул дзяцей не будзе…
– Люда, перахрысціся! – абурыўся ён. – Я табе сказаў, і добра памятаю, як хочаш, так і рабі – хочаш пакідай, хочаш – не…
Навошта яна шукае вінаватых? Але Люда плакала так несуцешна, што трэба было нешта зрабіць. Але што, ён не ведаў.
Неўзабаве яны разышліся, і Мікола вырашыў, што банальнае сямейнае жыццё – не яго сфера. Дастаткова паглядзець на Алега, блізкага сябра Міколы, таленавітага мастака, каб пераканацца, што робіць сям’я і побыт з чалавекам здольным. Яшчэ ў студэнцкія гады Алег ажаніўся з Аленай, таксама мастачкай. Міколу яна не вельмі падабалася, ён аддаваў перавагу жанчынам больш эфектным і кідкім. З іх так цікава пісаць партрэты! Алена скончыла графічнае аддзяленне і афармляла дзіцячыя кніжкі. Але ў жыцці яна здавалася не надта выразнай, бляклай, з дробнымі, амаль птушынымі рысамі твару. Мікола не разумеў, што ў ёй знайшоў сябра. Але ж нешта знайшоў…
Праз некалькі гадоў пасля іхняга вяселля Мікола зазірнуў да Алега і Алены ў госці. Карціна іх сямейнага жыцця расчаравала яго яшчэ больш. За вялікія грошы сябар з жонкай здымалі пакой. Іхняй дачцэ споўнілася тады два ці тры гады. Алена выглядала знерваванай і змэнчанай, Алег – таксама. На іхніх тварах было напісана адно жаданне – як след выспацца.
Напэўна, Мікола прыйшоў не ў пару. Ён нядаўна вярнуўся з першага замежнага падарожжа і спадзяваўся расказаць пра яго сябрам. Пасядзець, пагутарыць – як у былыя бестурботныя студэнцкія часы. Але з таго нічога не атрымалася. Не паспелі яны сесці на кухні за стол, як туды прыбегла малая. Дзяўчынка на нешта хварэла. Яе шчокі і рукі былі шчодра памазаны зялёнкай, і ўся яна, ускудлачаная, нагадвала нейкага чорціка, які вылез з балотнай твані і нікому спакойна жыць не дае. Малая патрабавала, каб бацька ці маці гулялі з ёй, бо адной ёй сумна, плакала, капрызіла, адмаўлялася есці і атруціла тыя некалькі гадзін, пакуль Мікола сядзеў у гасцях.
Алена адчувала няёмкасць, што сябра бачыць іх не ў лепшым выглядзе. З Міколавага аповеду нічога не атрымалася. І ніякіх пачуццяў, акрамя непрыязнасці да дзяўчынкі, што забрала ўвагу лепшага сябра, ён не адчуваў. Замест таго, каб прыструніць малую, бацькі без усялякіх пярэчанняў выконвалі яе капрызы. Мікола не хацеў сабе такой долі. Ён ведаў, што Алег бегае па горадзе, шукае слоікі з дзіцячым харчаваннем – тады яшчэ іх у свабодным продажы не было, возіць дачку разам з жонкай да дактароў на кансультацыі. Міколу было шкада сябра.
– Алег, ты ўжо другой маці зрабіўся… – з іроніяй заўважыў ён, калі яны ўдвух сядзелі на кухні.
Але сябра іроніі не заўважыў.
– Можа, і зрабіўся, – сумна прызнаўся ён. – Але Ленку шкода… Так яна з гэтай малой замучылася! Ганначка па начах не спіць, алергія моцная. Нервы ў нас, вядома, дрэнь. Але дактары кажуць, што, можа, перарасце. I ўсё будзе іначай…
Але