Іван Сяркоў

Мы з Санькам – артылерысты


Скачать книгу

каб тэхнікум быў недалёка ад хаты, дык прыбег ды паабедаў, хоць нішчымніцай. Ды і з вопраткай туга – далей няма куды. Чуў я, як бацька перад сном уздыхнуў:

      – Гэта ж цяпер, старая, нам на штаны хлопцу трэба разжывацца, ды і світку нейкую на зіму не шкодзіла б. Парсюка збыць, ці што?

      Словам, нарабіў клопату той дыктант і мне і бацьку. Але няхай ён не вельмі журыцца – я і сам сабе зараблю. Падумаю добра і пайду ў прычэпшчыкі. Яны часта змяняюцца. Кажуць, што цяжка. Нічога, перажыву. На плузе за трактарам ездзіць – не пешкі хадзіць. Канешне, зямлі пад’ясі болей, чым хлеба, затое заробкі пастаянныя.

      А лепш за ўсё – у конюхі, памагатым да Пецькі Чыжыка. Ён жа мой аднагодак, дык што я з табуном не спраўлюся? Праўда, з Пецькам даглядае коней і дзед Каўрач, але там таго дзеда столькі – адзін кашаль застаўся. Як на луг табун гнаць, дык на каня трэба падсаджваць, быццам на печ. Вось я на яго месца і стану. Таксама што ні дзень, дык працадзень, а то і паўтара.

      – Ну калі тое і будзе, то хіба па восені, як снапы звязуць і бульбу пакапаюць, – сказаў раніцай бацька, пачуўшы пра мае намеры пайсці ў конюхі,– а пакуль што паставіць цябе брыгадзірка хутчэй за ўсё на маё месца – снапы вазіць, а мяне, відаць, пашле на малатарню, бо мужыкоў там мала, ды і тыя калекі.

      А бабулі мае конныя задумы прыйшліся не па душы:

      – Табе на кані гарцаваць, а мне штаны латаць? Дзе гэта я намеюся тых латак ды нітак?

      – Там яно яшчэ відаць будзе, – супакоіў яе бацька, і мы пайшлі на калгасны двор, пайшлі ўсёй сям’ёй: наперадзе бацька з бабуляй, за імі я і Глыжка з пугай цераз плячо.

      Нінка-брыгадзірка, чорная ад сонца, нібы галавешка, убачыўшы мяне, узрадавалася, як роднаму сыну.

      – Вось малайчына, што вярнуўся ў брыгаду, – затараторыла яна, па-мужчынску здароўкаючыся са мной, а потым разанула сябе рукой па шыі,– мне мужыкі во як трэба.

      Пакуль што ніхто з мяне не смяецца: мужчыны кураць пад кузняй, жанчыны гамоняць сваім гуртам. Нікому я не ў галаве. Дарма толькі ўчора, вяртаючыся з вучылішча, хаваўся ад людзей, нібы бадзяга з Сахаліна.

      Але ў хлапечым гурце мяне сустрэлі зусім інакш.

      – Здароў, афіцэр! – весела павітаўся са мной Косцік Скок, наш балалаечнік, і ўсе хлопцы рагатнулі, а Скачок – ён з тых, што дзеля прыгожага слоўца бацькі не пашкадуе, – пачаў клоуна з сябе строіць.

      – Калі б вы бачылі, хлопцы, як ён на апошнія пагулянкі прыходзіў! – I пайшоў перад усімі вылузвацца: грудзі выгнуў дугой, нос задраў на неба, губы закапыліў і давай віхляць худым задам у дзіравых штанах. Усе так і пакаціліся ад смеху, нават гэты парсюк Глыжка засакатаў. Чые тут нервы вытрымаюць? Кінуўся я з кулакамі – і пачалася заваруха, і пакаціліся мы па мурагу. Але хлопцы не далі душу адвесці, наваліліся гуртам і разбаранілі. Клопат такі – адзін на адзін дзе-небудзь сквітаюся. Аднак калі тое яшчэ будзе, а мянушка ўжо да мяне прыліпла – Афіцэр. У вочы і за вочы. Давялося змірыцца – што ты зробіш? На ўсіх з кулакамі кідацца не будзеш – сам зубоў не напасешся. Ды і мянушка не такая ўжо крыўдная. Вунь аднаго хлопца з хутара Кастагрызам дражняць,