рапарт.
Генерала я пазнаў адразу, хоць за сталом сядзела трое: ён зусім сівы і старэйшы за астатніх, зусім не такі, як мне ўяўлялася. Я чамусьці думаў, што ў яго павінна быць пуза, як у туза, бо генералаў жа, мабыць, нішчымнай бульбай не кормяць, мабыць, ім і сала неўпоед, а ён сядзіць худоба худобінай, на шчоках глыбокія барозны зверху ўніз, адно што мундзір і залатыя пагоны, а так і не сказаў бы, што генерал. Афіцэры, што былі з ім побач, моўчкі ўсміхаліся, гледзячы на мяне, а сам ён – ні-ні, сур’ёзны, толькі сказаў:
– Не ўмееш і не трэба. Падыдзі бліжэй.
Тут і пасыпалася, нібы з мяшка: адкуль я, хто бацька, ваяваў ён ці не, хто яшчэ ў сям’і ёсць. Гэта ўсё цікавіліся афіцэры, і я адбіваўся ад іх як мог: дзе бойка адказваў, а дзе злятала з языка адно «ыгы». А генерал тым часам маўчаў, разглядваў нейкія паперы. Хоць бы ён спыніў іх, а то я ўжо і потам пакрыўся. Нарэшце абазваўся і ён:
– Па матэматыцы ў яго даволі прыстойна, нават пяцёрка ёсць…
I ў мяне камень зваліўся з душы: значыць, Баця за мяне. Правільна Юрка казаў, што ён справядлівы, а гэтыя прычапіліся як сляпы да плота – хто, ды што, ды адкуль?
– А вось што будзем з двойкай рабіць па дыктанту, а? – гэта ўжо генерал звяртаўся да мяне. – Што скажаш, хлопча?
А што я скажу? Сказаць мне няма чаго, я толькі стаю і сам сабе думаю: будзь ты чалавекам, генерал, паглядзі на мяне – я ж харошы. Ну, з кім не бывае? Але да яго мае думкі не даходзяць, ён разгаварыўся не на жарты. Яму не трэба невукі. Што такое афіцэр, ды яшчэ артылерыйскі? Ён павінен быць пісьменным, і не проста пісьменным, а шырока адукаваным чалавекам, каб разбірацца не толькі ў гарматах, ён павінен быць, нібы дома, і ў літаратуры, і ў мастацтве, і, калі хочаце, у музыцы. Афіцэр – гэта свецкі чалавек, а не салдафон з пустой галавой, за яго не павінна быць сорамна, калі ён выйдзе на людзі, каб на яго не паказвалі пальцам і не гаварылі: а яшчэ афіцэр! Ён павінен быць узорам для сваіх салдат, якіх яму давядзецца вучыць і выхоўваць, і наогул – для ўсіх. Афіцэрства не ў залатых пагонах, не ў зорках на плячах, а ў высокай культуры.
I чым больш генерал гаворыць, тым менш у мяне надзеі: няма ў мяне ні такой культуры, ні свецкасці, якой яму хочацца, адно што нос ужо рукавом не выціраю. Ну, і ў музыцы крыху петру – «Сербіянку» ад «Страдання» адрозніць магу.
Але ўсяго таго, чаго ён ужо нагаварыў, яму яшчэ мала. Афіцэр павінен валодаць і замежнай мовай, а тут, калі ласка, – і ў сваёй, нібы ў цёмным лесе.
– Ты зразумеў, хлопча? – спытаў, нарэшце, мяне генерал.
Я ўсё зразумеў, апрача аднаго – прымаюць мяне ці выганяюць, – і на ўсялякі выпадак хацеў сказаць «так точно», а атрымалася зноў праклятае «ыгы».
– Ну, калі «ыгы», – падвёў вынік генерал, – то запішам мы цябе ў другую батарэю да падпалкоўніка Асташэўскага. А за рускую мову, хлопча, вазьміся як след!
– Благадар-ру! – адчаканіў я тут жа чыста па-руску і з паперкай у руцэ, якую мне даў афіцэр, што сядзеў побач з Бацем, выпырхнуў з кабінета, ледзь дзверы лбом не высадзіў ад радасці.
– Прынялі! – выпаліў я хлопцам,