дапякала мяне ўсё новымі прыпеўкамі, а бабуля – яхіднымі парадамі.
– Выйдзі ўжо, калі прысушыў дзеўку.
А на трэці дзень надвячоркам адбылося такое, што і ахнуць мала. Толькі селі мы сям’ёй вячэраць, вярнуўшыся з поля, а на парог – дзядзька Калдоба, наш участковы міліцыянер, пры поўным, як гаворыцца, парадзе. Госць ён у нас рэдкі і сваім нечаканым прыходам усіх нас азадачыў. Я нават разгубіўся, ці не па маю душу ён прыйшоў з-за той бойкі са Скачком на калгасным двары, ці па Глыжку, які сёння ўкраў у калгасным садзе з дзесятак антонавак. За суседскія – нічога, а за калгасныя могуць і засудзіць ці бацьку штраф прыпаяць – народнае дабро. Закон цяпер наконт гэтага суровы.
Але Калдоба ні мяне, ні Глыжку не арыштаваў.
– Мой Юрка, – сказаў ён, прывітаўшыся, – прыходзіў сёння з вучылішча, хацеў пабачыць вашага Івана, ды не знайшоў. Дык вось ён пераказаў: няхай заўтра ідзе – яго як быццам іхні генерал выклікае.
Усе за сталом так і анямелі, а я збянтэжыўся і перапалохаўся яшчэ больш, як тады, калі думаў, што мне за бойку нагарыць. Гэта ж у галаве не змяшчаецца – сам генерал! Усе на мяне глядзяць, нібы ніколі да гэтага не бачылі. Сам генерал – падумаць толькі!
– Вось і пакет яму, – дабіў нас зусім Калдоба, з усмешкай падаючы мне нейкую шэрую паперку. – Каб па пошце доўга не ішоў, вось мой Юрка за кур’ера і даставіў.
Бацька пераняў з маіх рук «пакет» – звычайную паштоўку без маркі,– прабег вачыма напісанае сам, а потым ужо вярнуў мне. А там усяго некалькі слоў: прыбыць у вучылішча 25 жніўня, а чаму і для чаго – ні гу-гу.
Калі Юркаў бацька, пажадаўшы ўсяго найлепшага, пайшоў з хаты, бабуля кінулася ў паніку. У яе свае трывогі: чалавека кліча генерал, а ў чым да яго пойдзе гэты чалавек? Да генералаў, мабыць жа, у такіх штанах не ходзяць. Ці даўно яна іх латала – перад першым паходам у вучылішча, а я на снапах іх зноў падраў, на мне ўсё гарыць – не напасешся. I я супакоіў старую:
– Не перажывай, нікуды я не пайду!
Але гэта ўстрывожыла бацьку: як гэта я не пайду? Генерал жа дарма клікаць не будзе, а калі кліча, значыць, справу да мяне мае. Можа, ён дактарам там даў наганяй і загадаў прыняць мяне і з маім бракам, калі ён у мяне ёсць. Генералы ўсё могуць, на тое яны і генералы. Ён, мой бацька, у арміі паслужыў, дзякуй богу, і да вайны, і на вайне, і сам камандзір – усё ж такі сяржант, што таксама немалы чын пры трох класах адукацыі,– і генералаў добра ведае: гэта народ сур’ёзны, і грэбаваць імі не варта.
Ды хто ж гэта сказаў, што я, Іван, грэбую генераламі? Мне проста, між намі кажучы, боязна з непрывычкі і сапраўды сорамна з-за сваіх штаноў. Ды і адкуль бацька ведае, што мне можа зрабіць генерал? А ён можа мне загадаць нанава перапісаць дыктант, і, калі зноў правалюся, тады ўжо хлуснёй пра медкамісію не адбаярышся, тады ўжо і зусім хоць дамоў не вяртайся.
Мне супраць бацькі крыць няма чым і таму хапаюся за бабульчыны трывогі пра маю вопратку:
– А як я ў гэтым пайду? Што я скажу?
А ў бацькі і тут свае козыры. Па-першае, генерал не з неба ўпаў і павінен разумець цяперашнія нашы дастаткі. А па-другое, размаўляць з ім не трэба. Яны гэтага не любяць.