Іван Сяркоў

Мы з Санькам – артылерысты


Скачать книгу

прагульвацца наш брат – батарэец. Але колькі мы ні прыглядаліся, колькі ні стралялі вачыма, ніводнага службоўца са свайго роду войск так і не сустрэлі, праехала толькі, грукаючы расхлябанымі бартамі і нарабіўшы смуроду, старая палутарка ды босая дзяўчына перайшла нам дарогу з поўным вядром.

      – Эй, рыжая, дай напіцца! – раптам ветліва гэтак папрасіў яе Санька, і я ад нечаканасці аж спыніўся. Во як хлопец асмялеў, не паступіўшы яшчэ ў вучылішча, да гарадскіх дзевак чапляецца. А тая толькі грэбліва зірнула ў наш бок, нос – угору і пачасала сваёй дарогай. Добрая, відаць, фіфа.

      А напіцца і сапраўды не шкодзіла б. Сонца ўжо добра прысмаліла – хутка поўдзень. Толькі дзе тут нап’ешся? Гэта табе не вёска, што падышоў да калодзежа, парыпеў журавом і хоць на галаву лі. Каля адзінай на ўсю Батарэйную калонкі стаіць ладная такі чарга з вёдрамі, а вада з крана ледзь-ледзь цурчыць тонкай ніткай, і трэба мець час і цярпенне, каб набраць поўнае вядро. У нас цярпення хапіла б, ды часу ў абрэз. Пераб’ёмся як-небудзь і так.

      Мінулі мы вадзяную чаргу – трапілі на хлебную. Гэтая яшчэ мудрэй за тую. Народу тут, што і бог адступіўся б, калі б ён хлеба захацеў. А крыку тут, а гвалту! Асабліва хвалюецца чарга, калі дзверы невялічкага, з аблупленай тынкоўкай цаглянага магазінчыка бяруць штурмам інваліды. Чарга, як мы прыкмецілі з Санькам, паводзіць сябе розна: хто лаецца, хто заступаецца, а інваліды даказваюць, што яны маюць права. На іх баку і міліцыянер, хоць ён нічога не можа зрабіць з чаргой: не вельмі яго слухаюць.

      Не лёгка прабіцца ў хлебны магазін, не лягчэй з яго і выбрацца. Вылазяць адтуль усе расхрыстаныя, ускудлачаныя, з абарванымі гузікамі і рукавамі, потныя – ледзь жывыя, але з хлебам. У каго цэлы бохан, у каго яшчэ і луста ў прыдачу.

      Па праўдзе сказаць, усё гэта відовішча нас з Санькам не вельмі кранае. Проста цікава крыху – і ўсё. Калі б мы мелі нават вялікія грошы, хлеба нам тут не прададуць. Тут важней за грошы хлебныя карткі. А дзе іх нам з Санькам узяць, калі мы не гарадскія, нідзе тут не працуем і не служым?

      А хлеб свежы. З магазіна пахне так, што галава кружыцца. I, відаць, смачны. Хлопец не большы за нас, які толькі што ледзь выбіўся з чаргі на волю, пакамечаны і расхрыстаны, прагна на нашых вачах з’еў усю дабаўку да бохана. Мы з Санькам пракаўтнулі сліну і пайшлі сваёй дарогай прэч ад спакусы. Нічога – паступім у вучылішча, дык, можа, яшчэ не такі хлеб есці будзем і не па столькі, а, як казаў Юрка, пад самую завязку.

      За вуліцай Батарэйнай горад скончыўся. Да вучылішча цяпер рукой падаць. Вунь яны пад рэдкімі соснамі на ўзвышшы, цагляныя будынкі, дзе я калісьці паміраў ад сыпняку. Тады там быў шпіталь, а цяпер – вучылішча. Дарога знаёмая.

      Сеўшы на мурог, мы ў рэшце рэшт абуліся. I не абы табе як, а яшчэ і паплявалі кожны на сваё колькі сліны было, анучкай пацерлі, спадзеючыся на бляск. Толькі многа трэба пляваць на Санькавы боты і на чаравікі майго бацькі, каб яны хоць крыху заблішчалі.

      Усю дарогу мы храбрыліся: то бойка насвіствалі свой артылерыйскі марш,