не сваё, усё незнаёмае, усё не так, як дома. А гэта ж вайсковае вучылішча! Тут зусім іншае царства: вакол падмецена, прыбрана, дарожка, па якой мы ідзём, абапал абкладзена пад шнур цэглай, а цэгла яшчэ пабелена і крэйдай. Ступіць лішні крок страшна, плюнуць няма куды, так чыста. Гэта табе не нашы Падлюбічы і не вуліца Батарэйная. Нават паветра тут не такое: сосны хоць і рэдкія, а свой пах даюць.
А галоўнае – людзі. У цывільным тут рэдка каго і сустрэнеш, усё – вайскоўцы. I ніхто з іх не бяжыць, як у горадзе, на злом галавы, ніхто не ходзіць разявіўшы рот, як мы з Санькам, не ловіць варон. А калі хто ідзе, дык ідзе, адразу відаць, што па справе. Сустракаючыся, яны ўскідваюць руку да скроні і цвёрда гэпаюць па зямлі падэшвамі, бяруць пад казырок. I нам з Санькам у вочы кінулася, што той гучней гэпае і вышэй падкідае ногі, у каго меней зорак на пагонах, а ў каго зоркі большыя, той толькі рукой адмахнецца і – будзь здаровы.
I песні, аказваецца, тут у модзе. Дзе вы бачылі, каб людзі гуртам ішлі па вуліцы і на ўсё горла спявалі песню? Хіба што на вяселлі. А тут параўняўся з намі строй такіх, як Юрка, хлопцаў ды як грымне ўжо знаёмы нам марш. I так гэта ў іх гучна і дружна атрымлівалася, што нам з Санькам і самім хацелася заспяваць.
Не, што ні кажыце, а вайсковае вучылішча, ды яшчэ артылерыйскае – зусім іншы свет, не той, у якім мы жылі дагэтуль.
Ходзім мы гэта па новым для сябе свеце, шукаем, у каго спытаць, куды нам трэба, і раптам:
– Эй, шпакі! Ідзіце-тка сюды.
Азірнуліся, каго там клічуць, што тут за шпакі такія ёсць у артылерыстаў,– аказваецца, гэта нас з Санькам клічуць. Мы так заслухаліся песнямі, што не заўважылі на лавачцы пад сасной траіх, як сказала б наша геаграфічка, абарыгенаў. Па ношанай форме, якая добра сядзіць на іх, адразу відаць, што не навічкі. Напэўна, Юркавы аднагодкі. Хаця адзін з іх, мабыць, і жаўтароцік: гімнасцёрка сядзіць лубам, сам дробненькі.
Што зробіш, трэба ісці, каб непрыемнасці якой не было. Усё ж такі не на сваёй вуліцы. А можа, што добрае і скажуць: куды, напрыклад, нам падацца са сваімі выклікамі на экзамены, дзе тут нас павінны прымаць. Мы не кінуліся да іх рыссю, а падышлі нага за нагу, і Санька насцярожана спытаў:
– Ну?
I тут нам здалося, што мы з Санькам зрабілі бог ведае якую непрыстойнасць, скажам, самае малое – без штаноў на вуліцу выйшлі, бо старэйшы з тых траіх з адной лычкай на акаймаваных жоўтай істужкай пагонах аж за галаву ўзяўся.
– Не, вы толькі паглядзіце, таварышы, што робіцца? – з болем у голасе ўсклікнуў ён. – Вы толькі паглядзіце, як яны падыходзяць да камандзіра!
Яго таварышы з дакорам паківалі галовамі, асуджальна пацмокалі языкамі, маўляў, як нам не сорамна, як нам не ай-я-яй. I каб хто ўсміхнуўся. Здзекуюцца, паразіты. Мы з Санькам не лыкам шытыя, бачым, што здзекуюцца. Ці даўно самі чэрствай скарынцы былі рады, ці даўно паскідалі такія ж як і на нас, грэшных, рызманы, і ўжо строяць з сябе ваша высакароддзе. Камандзіры шалудзівыя. Калі б мы сустрэліся з імі ў нашай вёсцы ды на сваёй вуліцы, дык там бы яшчэ яно паказала, хто з нас шпак, а хто – арол. А тут наўрад ці