Сорак на спіне, – рытарычна пытаў Антон.
Антон, як і ўсе мужчыны ў нашай сям’і, быў сталяром. Хадзіў на фабрыку так доўга, пакуль не дайшоў да высновы, што няма ў гэтым ніякага сэнсу. Побач са старым домам збудаваў майстэрню, і з раніцы да вечара гулі там розныя станкі. Першай адзывалася піла, званая крайзэгай, потым габлярка, шліфавальны станок. Апошнім браў голас малаток, спалучаючы працу машын у форму, прадбачаную чалавекам.
У той час нават самая маленькая прыватная майстэрня аддзячвала за працавітасць рук прыбыткам, параўнальным з заробкам пана прэм’ер-мiнiстра Ярашэвіча. Залатоўкі прыходзілі невядома адкуль, сыпаліся бярозавымі стружкамі, дубовымі абрэзкамі, сасновым пілавіннем. І калі чалавек, пазбягаючы памылак, характэрных міністрам, не мантачыў грошы на акцёрачак, што зачэпліва перабіраюць ножкамі, танцуючы канканы, ды на парыжскiя пiнжакi, не пераліваў іх у сонечныя промні часу, беспрадуктыўна страчанага на трапічных курортах, асобныя залатоўкі вырасталі ў сотні, у тысячы, у дзесяткі тысяч.
Антон абмінаў спакусы вялікага свету. Толькі ў суботнія пасляпоўдні даваў волю маленькім капрызам і адпраўляўся ў бар “Сонейка”. Побач з прылаўкам быў ягоны столік. Можна адтуль глядзець у залу, а можна таксама назіраць за буфетчыцай Гандзяй, якая змагаецца з вялікай сціртай выкарыстаных шклянак і куфляў. Сядаў на звыклае месца і аддаваўся задуменню, спаглядаючы праз задымленыя галовы штодзённых кліентаў у свой свет.
Людзі, што часцей бываюць побач са смерцю, бачаць куды больш за іншых. Разумеючы зманлівую вартасць усіх скарбаў нашага свету, цэняць кожную хвіліну і рэч. Накапліваюць усё, што ў канчатковым разліку можа быць наяўным доказам іх прысутнасці ў жывых. Напрыклад, будуюць вялікія дамы.
Дзядзька Антон сустракаўся са смерцю штодзённа. У сваёй маленькай майстэрні ён вырабляў дамавіны, і ні адзін жыхар Мястэчка без яго веды не адышоў на вечны спачын.
– А калі памру, падрыхтуеш мне труну, Антоська, – казала часам бабка Сонька. Яна была ўжо вельмі старая. Можна падумаць – вызвалілася ад пераможнай улады часу, а можа, увайшла з ім у змову, недаступную іншым людзям? І час каторы ўжо год абмінаў яе, праходзіў побач, нават не працягваючы руку, каб маршчынай запісаць на твары чарговы дзень або месяц.
– Толькі, ведаеш, салідную, – удакладняла бабка.
– Падрыхтую, мама – адказваў Антон і, апярэджваючы чарговыя дырэктывы, працягваў: – Я ўсё ведаю. Салідную, дубовую. А падушку зарадзім не стружкамі, а сапраўдным пер’ем.
– Дакладна так. У раі няёмка фарсіць сукенкай, запэцканай стружкамі.
У сваёй райскай будучыні бабка Сонька ніколі не сумнявалася. Вядома, не збіралася паміраць толькі па той прычыне, што на другім баку яе чакаюць з узнагародамі і прызамі за беззаганную стажыроўку ў горшым свеце. Размову пра труну хутчэй трэба лічыць сяброўскай гутаркай з часам, выпрабаваннем яго цярплівасці, праверкай чуйнасці.
А тут заставаліся яшчэ справы празаічныя, не завершаныя, не зашпіленыя на апошні гузік.
– А