«зялёны» грошык і пакруціў яго ў паветры перад нашымі насамі. Мы былі не супраць. Дастаўшы з кішэняў купюры рознай вартасці, прадэманстравалі перад Мішкам яго ж трук.
Адным словам, скінуліся.
Мішка з урачыстасцю зазначыў:
– Айчынную вытворчасць патрэбна падтрымлiваць: добрую і розную.
Што ж, купілі таматны сок.
Ужо за прылаўкам, распіваючы другую шклянку цягучай вадкасці, Мішка стаў гаварыць шчыра:
– Бач ты, як у жыцці атрымоўваецца, – пачаў ён здалёк, – да 23 лютага штодзень у каляндар часцей заглядвала Маша, а пасля я.
– Пэўна, «сямейны» каляндар вам прыйшоўся даспадобы, – разважыў Колька.
– Яшчэ б, – у тон адказаў Мішка, – асабліва, калі бачыш перад носам даты такіх грандыёзных маштабаў.
Сашка строга зазначыў:
– А дзе факты?!
Мішка факт выдаў:
– 8 сакавіка ўжо заўтра!
– Хіба?!
Мішка кіўнуў.
Мы дружна пачасалі патыліцы. У адрозненні ад Мішкі, з нас ніхто не меў звычкі заглядваць ў каляндар ні напярэдадні свята, ні пасля яго. Бо жылі адным днём.
– Падарунак ужо выбраў? – пацікавіўся Воўка.
– У тым і справа, што не, – разгублена вымавіў Мішка. – А горш за ўсё тое, што я і не ведаю, што выбраць…
Сашка здзівіўся.
– Як? Зусім няма ніякай думкі?
Чатыры пары вачэй утаропіліся ў Мішку.
– На Новы год скончыліся ўсе, – з сумам кантаставаў той. – Яшчэ напярэдадні нашага першага сямейнага свята я запытаўся ў Машы: «Что тебе подарить, человек мой дорогой?» Яна ж на здзіўленне адказала: «Кветкі». На той час я хадзіў у неадпрасаваных штанах, таму падарыў ёй прас «Алеся». Наступны раз я таксама пачуў знаёмы адказ: «Кветкі». Падарыў Машы патэльню «Tefal». Маўляў, сама, каханенькая бачыш, што я заўсёды клапачуся і думаю толькі пра цябе. І яшчэ шмат якіх добрых рэчаў па парадах рэкламы падарыў я Машы. А на гэты Новы год яна мне кажа: «Ведаеш, любы, для поўнага сямейнага шчасця нам не хапае толькі кухоннага камбайна. Але я не хвалююся, бо ведаю, што знайду яго пад ёлкай у навагоднюю ноч».
– Як у ваду глядзела, – расчаравана ўздыхнуў Мішка. Мабыць, на гэты раз усё ж падару ёй кветкі. Ніколі не здагадаецца!
І Мішка паставіў на прылавак пустую шклянку.
– Тут ёсць паблізу некалькі кропак, – пачаў прыпамінаць Сашка, – дзе гандлююць кветкамі.
…Праз пяць хвілін мы стаялі каля трох кветкавых крам, якія мелі адну і тую ж назву «Кактус».
Мішка абурыўся:
– Хіба тут знойдзеш ружы?
– Можа, за калючкамі кактусаў разгледзім і ружы, – знайшоўся Воўка.
У першай краме вочы ад кветак разбягаліся ва ўсе бакі, як зайцы ад ваўкоў, але паварухнуцца ў натоўпе не было як. У другой прапанова не задаволіла наш спажывецкі попыт. Толькі ў трэцяй нам пашанцавала.
– Вам што? – запыталася адна з двух маладзенькіх дзяўчат-прадаўцоў.
– Нам…
Мішка разгублена паглядзеў спачатку на нас, а потым на прадаўцоў.
– Якія кветкі вам падабаюцца? – не адступала ад нас другая