у сталовую. Як высветлілася, не з той нагі сёння падняўся не толькі дырэктар, але і кухар.
– Вам што?
– Я, – кажу, – заказваў боршч, а мне падалі суп.
– Што заказвалі, тое і падалі, – адмахнуўся кухар. А потым дадаў: – Супу ў меню сёння няма.
– У меню, можа, і няма, – не разгубіўся я, – але ён яўна ёсць у маёй талерцы.
Кухара нібы муха ўкусіла.
– Бачыш, – кажа ён мне, – суп яму не боршч! А мне што, з-за гэтага апошнюю порцыю ўчарашняга супу ў памыі выліваць? Выручку губляць?
Пад такім ціскам адчуў сябе не ў сваёй талерцы. А кухар, заўважыўшы, што я разгубіўся, яшчэ вышэй узняў галаву.
– Усе людзі, як людзі, ядуць так, што аж за вушамі трашчыць! Звычайныя катлеты ідуць па кошце адбіўных, і не скардзіцца ніхто. А вы заварылі тут кашу. Сваімі недарэчнымі пытаннямі толькі апетыт наведвальнікам псуяце і ходу абслугоўвання працоўных мас замінаеце.
Ад такога нечаканага супадзення і здзіўлення ў мяне аж язык прыліп да нёба.
– Прабачце, – кажу, – абслугоўванню мас замінаць не хацеў.
І даў лататы са сталовай.
Расчараваны такім няўдалым днём, зайшоў пасля працы ў краму, каб купіць малака. Ужо з якой нагі паднялася сёння прадаўшчыца, не ведаю, але яна ўбачыла, што я засяроджана разглядваю поліэтыленавы пакет, занепакоілася і насцярожана пацікавілася:
– Штосьці не так?
– Усё так, – адказваю, – тлустасць пазначана, завод-вытворца таксама. А вось тэрмін рэалізацыі знайсці ніяк не магу.
Прадаўшчыца занепакоілася яшчэ больш.
– А вы з санэпідстанцыі? – асцярожна і ласкава запыталася яна зноў.
– Не, звычайны спажывец.
– Ну і паводзьце сябе адпаведна, – параіла мне прадаўшчыца. – Няма чаго тут на пакет глядзець, усё адно, што бык на новае шула. І дадала: – Усе людзі, як людзі, бяруць і пытанняў не задаюць. Дый часу на гэта няма. Бывае, людзей у краме што селядцоў у бочцы. Якія тут пытанні? Тут сабе і абважыш, і рэшту недадасі. І ціха ўсё. А вы ўзнялі буру ў шклянцы вады. Цікавіць тэрмін рэалізацыі, дык і шліце лісты на пазначаны адрас. А некампетэнтнымі сваімі пытаннямі няма чаго тут прадстаўніка гандлю адрываць ад працы.
«Змовіліся яны сёння, ці што?»
– Выбачайце, – кажу, – адрываць прадстаўніка і ў думках не было.
Я разлічыўся і мяне як ветрам з крамы садзьмула.
У расчараванні так у той вечар і заснуў.
А ўжо на наступны дзень, баючыся задаваць некампетэнтныя пытанні, я хутка разлічыўся ў краме і ўзяў у сталоўцы звычайныя катлеты па кошце адбіўных. Канечне, у краме крыху аблічылі і прадалі прадукт, тэрмін рэалізацыі якога даўно ўжо мінуў, а ў сталоўцы прыйшлося пераплаціць. Затое мне ветліва ўсміхнулася прадаўшчыца, а кухар, прыязна пахлопаўшы па плячы, пажадаў прыемнага апетыту.
Цяпер я мог смела ісці да шэфа: з якой бы нагі ён ні ўстаў, мае надзвычай тактоўныя паводзіны яму спадабаліся б.
Шчаслiвы дзень
Новы шэф быў злым як авадзень. Не паспеў я спазніцца на працу, як выклікаў да сябе.
«Ну, усё, – вырашыў я, – пэўна, звольніць сабраўся».
Нерашуча