зморшчын на твары. І так з года ў год, з пакалення ў пакаленне. Вы пражылі шчаслівае жыццё, у якім не было гэтага прэсу, здольнага давесці да вар’яцтва. Я адказаў на ваша пытанне?
Эш пацягнуўся і ўзяў са стала рамку з фатаграфіяй.
– Вы дарэмна гаворыце пра мяне як пра чалавека, які не бачыў пакут у сваім жыцці. Па службе мне, як, зрэшты, і вам, даводзілася бываць у такіх месцах, у параўнанні з якімі тое, што вы апісваеце, падалося б раем проста таму што ёсць само жыццё і ёсць праца, якая можа хоць неяк гэтае жыццё забяспечыць.
– Вы бачылі гэта, доктар Эш, а бачыць і быць часткай гэтага – дзве вялікія розніцы. Вы заўсёды вярталіся, вам было куды вярнуцца. У людзей, якія жывуць такім жыццём, вяртацца няма куды.
– У вас ёсць дзеці, доктар Глінскі?
– Дачка.
– Колькі ёй?
– Нядаўна споўнілася пяць гадоў.
– І вы часта бачыцеся з ёй?
– Не так часта, як хацелася б. Мы з жонкай развяліся, калі дзіцёнку было два гады. З таго часу ў мяне атрымліваецца быць з ёй у лепшым выпадку два-тры месяцы на год.
– У мяне таксама дачка. Яна дарослая, ёй дваццаць дзевяць. Яна даўно жыве сваім жыццём, і я бачу яе значна радзей, чым вы сваю, доктар. Яна не шкадуе аб гэтым. Я быў дрэнным бацькам: знікаў на працы, прычым мая кар’ера заўсёды прадугледжвала, што большую частку свайго часу я буду праводзіць далёка ад дому. Яна вырасла без майго асаблівага ўдзелу. Без яго ж вывучылася, занялася працай у гуманітарных місіях. Мне часам здаецца, што яна мае на мяне крыўду за тое, што мяне было так мала ў яе дзяцінстве. Але часцей я думаю, што ёй ужо даўно ўсё роўна. Яна згадвае мяне на святы, часам тэлефануе, але не больш за тое. Я сам вінаваты ў гэтым.
Эш працягнуў мне рамку. Я ўзяў яе і з цікавасцю зірнуў на выяву. Гэта быў не сучасны фотаздымак, а старая картка, з якой на мяне глядзела дзяўчынка гадоў дзесяці побач з самім Эшам, якому было тады на дваццаць гадоў менш, а выглядаў ён маладзейшым гадоў на трыццаць пяць. Дачка шчасліва смяялася ў руках бацькі.
– Яе імя Элеанора. Я нават дакладна не ведаю, у якой частцы свету яна знаходзіцца зараз: у Афрыцы або ў Азіі.
– Дзіўнае імя для французскай дзяўчынкі.
– Мама Элі была амерыканка. Яна была вельмі таленавітай і амбітнай жанчынай. Многія, дарэчы, укладваюць у слова «амбіцыйнасць» негатыўны сэнс, хоць я лічу, што гэта цудоўная якасць, якой павінен валодаць кожны чалавек. Вялікіх учынкаў не бывае без амбіцыйных памкненняў. Мая жонка не здзейсніла нічога вялікага, хоць яна марыла пра тое, каб быць карыснай усім людзям. Гэта яна выбрала імя Элеанора – у гонар свайго куміра, Элеаноры Рузвельт.
– Больш чым годны прыклад для пераймання.
– Я быў супраць. Але якое права голасу я меў, калі не мог нават павіншаваць дзяўчынку на Каляды? Яна настаяла, і я змірыўся. Зрэшты, мне здаецца, маёй дачцэ падыходзіць гэтае імя. Яна амбіцыйная, валявая, імклівая. Не такая, як я. Я тройчы падумаю, перад тым, як нешта зрабіць, але гэта асаблівасці