або вельмі цьмяна ўяўляў, дзе знаходзіцца такая краіна эльфаў. Сярод іншых падышла і псіхалагіня з Харватыі, маладая прыгожая жанчына Ядранка Іванкавіч. Што праўда, яна вытрымала паўзу, даўшы зорцы пленарнага дакладу магчымасць вызваліцца са шчыльнага атачэння мімалётных прыхільнікаў. Падышла, калі побач з ім засталося два-тры чалавекі. Назвалася. Пахваліла за выступ. Агучыла некалькі псіхалагічных катэгорый, у межах якіх можна было б разглядаць версію Ягора пра песні як сродак барацьбы рускіх з адзінотай.
– Беларусаў, – ветліва, але настойліва паправіў ён.
– А якая розніца? – трошкі здзіўлена, яўна не чакаўшы пярэчанняў, удакладніла Ядранка.
– Паверце, розніца ёсць. Але гэта тэма для асобнай вялікай гутаркі, якую цяпер лепш не пачынаць, – Руткоўскі выдатна, як для такога моманту, захоўваў спакой. – Што да вашых заўваг па дакладзе, то абяцаю дапрацаваць свае высновы. Для мяне ўсё ж на першым месцы археалогія, а фалькларыстыка, культуразнаўства ў цэлым ідуць за ёю следам.
– Звычайна навукоўцы з Усходняй Еўропы, абяцаючы на грунце маіх заўваг дапрацаваць высновы сваіх дакладаў, даюць зразумець, што добра было б, каб я дала колькі асабістых кансультацый. А вы чамусьці з такой мілай сур’ёзнасцю ўхіляецеся, нібыта баіцёся пакінуць унутраны бок ветру, – яе словы мерна цурчэлі гаманкім ручаём, ад якога пачынала кружыцца галава.
– Што вы маеце на ўвазе? – між кружэннем галавы і ўдаваннем збянтэжанасці Ягор выбраў апошняе, палічыўшы за лепшае не расказваць, што, згодна з беларускімі паданнямі, унутры ветру – то-бок у віхуры – можа жыць чорт.
– Не хвалюйцеся, душа мая, тут няма ніякай таямніцы, – ручай працягваў міла гаманіць. – Я нічога не маю на ўвазе. Мая дапамога палягае не ў тым, каб нешта мець на ўвазе, а ў тым, каб нешта зрабіць. Але як сабе хочаце… Скажыце лепш, хто яна?
– Выбачайце, – археолагу, у якога на міг паплыло перад вачыма, здалося, што гутарка пакандыбала ў мяшок непраходнай вулкі, і лепш было б гэтыя дудуканні акуратна згарнуць.
– Дык хто яна? – не адступала харватка, працінаючы суразмоўцу дапытлівым позіркам.
– Яна? – хаваючы няёмкасць па кішэнях, састроіў неразуменне Руткоўскі.
– Тая, што сніцца вам, і вы кладзяце падушку другім бокам, спадзеючыся, што і яна пабачыць вас у сне. Мяркую, ваш даклад адметны не толькі спевам, але і падвоеным дном. Ці не так? – жанчына атакавала заспетага ўроспудзь навукоўца з Усходняй Еўропы.
Той ажно да амарокі быў здзіўлены, сцяміўшы, што старонні чалавек здолеў лёгка яго раскусіць. Стаў аднеквацца. Цвердзіў, што псіхалагіня памылілася. Адначасна паціху разглядаўся, вывіжоўваючы ў натоўпе Марыну. Усё ж хацеў зірнуць на яе зблізу. Пабачыць выраз твару. Злавіць тое, што магло таіцца ў яе вачах. Хаця б на хвілю. Але каханай нідзе не было. Ягор пакінуў дарэмныя выглядванні і, адольваючы рэшткі нядаўняй атакі, вярнуўся да гутаркі з новай, нечакана загадкавай, знаёмкай. Ён даў сабе рады разняволіцца, зрабіўшыся люстраным рэхам яе гаманлівага ручая. Жанчыне гэта яўна імпанавала.
Марына з Марку вярнуліся