клуба з Маладзечна, якi боўтаўся на люстэрку задняга вiду…
Драм!!! Цяжкі ўдар у бок аўтамабіля скалануў легкавік. Ззаду нешта пакацілася, а Уладзіміра матнула ў бок. Рэзка націснуўшы на тармазы, ён даволі хутка спыніў машыну і выбег з яе. На дарозе цямнела нешта. Нешта якое нагадвала вялікага звера.
«Мядзведзь» – чамусьці пранеслася ў галаве Уладзіміра.
Наблізіўшыся, ён адразу ж адчуў сябе па-дурному з-за гэтай здагадкі. Ляжачы на дарозе звер быў, вядома, значна меншы за мядзведзя, але ўсё ж на вока важыў не менш за сто кiлаграм. Вялікіх памераў кабан ляжаў на дарозе і не падаваў ніякіх прыкмет жыцця. Вочы жывёлiны былі зачыненыя. Уладзімір застыў на месцы, пільна гледзячы на звера і не ведаючы, што рабіць. Нечакана яго ўвагу адцягнуў далёкі гук выбуху за лесам. Вiдаць, гэты гук зыходзіў з прыхаванай там вёсачкі. Апусціўшы галаву і зноў пільна паглядзеўшы на ляснога госця, Уладзімір працягнуў да яго руку… У тую ж секунду кабан расплюшчыў вочы, зароў, і рэзка матнуў ікластай галавой, пры гэтым ледзь не ўдарыўшы чалавека ў калена. Адскочыўшы ад нечаканасці далёка ў бок, Уладзімір пачуў ліхаманкавы стук уласнага сэрца. Вяпрук між тым узняўся і пабрыў у лес.
Падышоўшы да машыны Уладзімір, да свайго здзіўлення, не знайшоў увагнутасць на крыле. Гэта палепшыла яго настрой. Вярнуцца ў салон, завесці матор, уключыць музыку: усё гэта стала справай адной хвіліны. І вось ужо зялёны аўтамабільчык зноў на шляху.
«У старажытнасці варажбіты выкарыстоўвалі жывёл для прадказанняў. Вось цікава, што б на іх варажбiтскi погляд азначаў бы ўдар дзiком у стары корч…» – думаў Уладзімір.
Ад гэтых думак ён развесяліўся яшчэ больш і ў выдатным настроі заехаў на вуліцы Гродна.
Шэрая смуга туману пакрывала старадаўні горад. Зіма, пазбаўленая пакладаў снегу і моцнага холаду, панавала ў ім. Адны людзі былі апранутыя ў зімовыя курткі, іншыя – ледзь не ў летнія ўборы. Тратуары здаваліся намаляванымі цёмнымі фарбамі па грубым палатне, а яшчэ далей, праз туман, праступалі абрысы храмаў, якія здаваліся нейкімі прывіднымі замкамі ў змрочных далінах.
Хлопец і дзяўчына стаялі ў скверы Фары Вітаўта. У тры гадзіны дня, яны ўбачылі, як з боку вуліцы Замкавай у сквер увайшоў цёмнавалосы чалавек з невялікай барадой, апрануты ў армейскага пакрою паліто. Ён прыпаркаваўся непадалёк і цяпер ішоў паспешлівым крокам да помніка, ля якога павольна хадзіла пара. Падышоўшы да чакаючых, чалавек сарамліва ўсміхнуўся і, працягнуўшы кожнаму з маладых людзей руку, два разы сказаў:
– Уладзімір. Рады пазнаёміцца.
– Віка, – адказала дзяўчына, – вельмі прыемна.
– Мечыслаў, – сказаў яе таварыш.
Знаёмства ў рэальным свеце людзей ведаючых адно аднаго толькі праз iнэт – можа быць вельмі цікавым, як і пачатак iнэтавай перапіскі людзей, якія ведалі адно аднаго толькі ў жыцці.
Праз трыццаць хвілін усе трое сядзелі з ноўтбукам у адным з гарадскіх кафэ. Адарваўшыся ад кавы, Уладзімір сказаў:
– Пакуль я ехаў да вас мяне ледзь