Значыцца, так! – ён паглядзеў на падначаленых. – Лэйлі, ты зараз жа збярэш гіпнакрэсла…
– Тут?! – недаўменна перапытаў Лэслі. – Можа, проста даставім яе туды, а ўжо там…
– У такім стане?
Лэйлі хацеў штосьці запярэчыць, але перадумаў і заняўся зборкай.
– А мне што рабіць? – спытаў Карантышка. – Дапамагаць Лэслі?
– З тваімі лапамі?! – усміхнуўся Лэслі. – Ведаеш, гэта табе не арматуру вузламі вязаць!
– Ты лепш паназірай за ёй! – Свенсан кіўнуў у бок жанчыны, якая па-ранейшаму стаяла нерухома і уважліва назірала за ўсімі дзеяннямі рамонтнікаў. – Калі што якое…
– Не будзе нічога такога! – Карантышка падыйшоў да жанчыны, спыніўся побач з ёй, чаго жанчына, здаецца, нават не заўважыла… ва ўсялякім разе яна ніяк на гэта не адрэагавала. – Што далей? Звязаць яе?!
– Проста пастой пакуль побач! – Свенсан павярнуўся да Лэслі. – Ну, як?
– Зараз скончу! – адазваўся той, не прыпыняючы работы.
Лэслі лічыўся лепшым аператарам станцыі, а, можа, і ўсяго нават Аграполіса. За гэта кіраўніцтва шмат чаго яму даравала…
– Ну, вось і ўсё! – заявіў ён нарэшце, адыходзячы ўбок. – Можна пачынаць!
– Несці яе туды? – спытаў Карантышка.
– Пачакай! – Свенсан зноў паглядзеў на жанчыну. Кагосьці яна яму няўлоўна напамінала… толькі вось каго? Гэтага ён, як не спрабаваў, так і не змог успомніць. – Паслухайце, – пачаў ён, звяртаючыся да жанчыны. – Вы мяне слухаеце?
Лэслі насмешліва фыркнуў.
– Яшчэ на «вы» яе называць, гэтую поскудзь!
Свенсан не звярнуў аніякай увагі на з’едлівую рэпліку аператара, жанчына таксама. Яна глядзела на Свенсана і маўчала.
– Вы мяне разумееце? – спытаў Свенсан, стараючыся гаварыць, як мага мякчэй. – Вы здзейснілі злачынства і павінны за яго адказаць, але гэта не наша функцыя. Мы проста даставім вас на станцыю, а там…
– Што, там? – раптам спытала жанчына. – Што там зробяць са мной?
– Я не ведаю… – прамармытаў Свенсан, адчуваючы сябе даволі няёмка пад уважлівым позіркам блакітных жаночых вачэй. – Вы ж разумееце, што за такое злачынства…
– А хіба не горшае злачынства, – перабіла Свенсана жанчына, – зрабіць мяне, свабодную жанчыну, рабочай жывёлінай і, як жывёліну, прадаць у рабства фермеру-садысту?
– Ды заткніся ты! – злосна выкрыкнуў Лэслі. – Ты і ёсць рабочая жывёліна і нічога больш! Паслухай, брыгадзір! – звярнуўся ён да Свенсана. – Давай закругляцца, а?!
Свенсан зірнуў на гадзіннік і ўздыхнуў. Як у чым, а ў гэтым Лэслі меў рацыю: трэба было і сапраўды хутчэй завязваць з гэтай справай…
– Джон! – звярнуўся ён да Карантышкі, стараючыся не сустракацца пры гэтым вачыма з настойліва-уважлівым позіркам жанчыны. – Дапамажы ёй сесці ў крэсла!
– Давай, малютка! – ажывіўся Джон, апускаючы шырокую сваю далонь на плячо жанчыны. – Топай да крэсла…
Жанчына нават не варухнулася. Яна чамусьці упарта жадала зноў сустрэцца позіркам са Свенсанам, але нічога ў яе не атрымлівалася.
– Яна