інакшага не праяўлялася.
Толькі раз-пораз ссоўвалася-вагалася ад доўгага напружання вачэй зрокавая перспектыва, і тады прадметы нібыта ажывалі, рухаліся альбо ахутваліся марывам.
Нарэшце ён змарыўся, змякнуў і ўнурыўся.
«Стомленасць ад недасканаласці, бяздзейнасьці духу».
Падступіла прыкрасць і прыцягнула сумнеў.
Кастусь быў не адзін, да каго гэтым часам наведалася журба. Яна зазірнула разам з роспаччу і нават злосцю ў кожны пакой, дзе спрабавалі медытаваць вучні.
14
– Чаму я нарадзіўся акурат у гэтым мейсцы?
– Тут твае бацькі, радня.
– А яны?
– Таксама, як і ты: па продках.
– А з каго ўсё пачыналася?
– Гэтага я не ведаю і ніхто табе не скажа. Пэўна адно: хтосьці першым прыйшоў у тутэйшыя лясы, а за ім пацягнуліся цераз вякі ўсе мы.
– Значыць, усё залежала ад яго: як ён вырашыў, такімі мы і сталі.
– Не ўсё так проста, унук. Лёс складаны, загадкавы, і не адным чалавекам тчэцца. Можа, усе мы загадзя дамовіліся нейкім чынам дзейнічаць і кагосьці адправілі першым, а мо нехта ці нешта загадалі нам зрабіць іменна гэтак , а не інакш. У любым выпадку – сваю долю мы заслужылі. Спадчыннасць – вялікі сэнс жыцця, на ёй многае трымаецца, толькі невядома, хто, што і як аддае альбо забірае.
– Так атрымліваецца ўсё – па роду?
– Пераважна.
– А калі мне гэта не падабаецца?
– Менавіта што?
– Ну, напрыклад, араць альбо жывёлаў гадаваць?
– Прыйдзецца.
– Чаму?
– Ты жывеш на зямлі і аб ёй павінен дбаць – такі парадак.
– І абавязкова петавацца, аўрэць і кажанець?
– Іначай нельга.
– А розумам працаваць?
– Не для зямлі.
– Я не жадаю так!
– Гардун. Цябе прымусяць.
– Я буду супараваць і змагацца!
– Усё роўна ён цябе адолее.
– Хто?
– Голад. Яго з людзей яшчэ ніхто не падужаў і не перажыў.
15
Звычайна пасля заняткаў яны шумнаю гурмою вывальваліся на двор, каб пазабаўляцца апукай ці проста адцягнуцца, а сёння выйшлі па адным спакойнымі, задуменнымі і да гульні не рваліся.
Многія яўна пазбягалі зносінаў, адводзілі вочы, спадылба і скоса зыркалі па баках.
– Ну, як першы блін? – парушыў маўчаньне Джордж і гарэзліва крутнуўся на месцы.
– Лепш было б аддаць сабаку, – таксама не вытрымаў Жак і міжволі сцепануўся.
– На жаль, усе доследы мы праводзім толькі на сабе, – ці жартам, ці насур'ёз адцеміў Генрых.
– У нашым выпадку так карысней, – заўважыў Аляксандр і, пацягнуўшыся, стаў размінацца.
– Мала часу, – няведама што вызначыў Андрэй і ўздыхнуў.
– А мне спадабалася, – інакшай танальнасцю звярнуў на сябе ўвагу Мікаэль. – Што менавіта? – спытаў Барыс.
– Усё, – адказаў той і, адчуваючы нязазнанасць сітуацыі, удакладніў:
– Асабліва відзені.
Вакол яго ўмомант утварылася