у вучэльню.
Не змаўляючыся, шкаляры разам кінуліся да мячыка.
16
Яшчэ не загарэўся ўсход, а яны ўжо былі на нагах і збівалі золкую расу.
– Куды мы так рана, дзеду? – пытаў Косцік, трушком паспяваючы за старым.
– Надабе, унучак, – заклапочана адказваў той і наўздзіў борзда дыбаў па сцежцы. – Не заспеем палясоўшчыка дома – ён аддасць галу каму хаця, і мы застанемся без сена.
Косцік разумеў, але яго палохала чорная сцяна лесу і ён не хацеў туды. А раптам выскачыць воўк? Колькі разоў ён чуў пра такое! Ён жа не кіне дзеда і не ўцячэ! Будзе змагацца! Нават цяжка ўявіць, што адбудзецца! Няўжо за дзіцём лесніка абавязкова трэба прыглядваць, пакуль дарослыя будуць швэндацца? Што з ім здарыцца? Ён жа ў хаце!
Лес набліжаўся, пакрысе праступалі цёмныя абрысы хмызняку і дрэваў, між якімі, здавалася, варушыліся цені.
Хлопчык адводзіў вочы і адчуваў, як пульсуюць скроні.
Неба ўсё больш ірдзела і раскідвала барву па ўсяму наваколлю. Шэры гушчар з удзячнасцю прымаў гэтую мілату і спакваля расхінаўся разнастайнымі фарбамі і гукамі.
Косцік прыкмячаў змены і радаваўся. Чым больш святлела пушча, тым суцешней было ягонай душы. Страх саступаў месца замілаванню і пяшчоце.
Яны ўвайшлі ў лес з першымі промнямі сонца.
Хлопчык уздыхнуў і ад захаплення ўсміхнуўся. Ён яшчэ ніколі не быў сведкам такога казачнага абуджэння і ранішняй цнатлівасці прыроды. Якімі цудоўнымі і незлічонымі праявамі яна дэманстравала сваю радасць ад новага дня і жаданне жыць! Ніякае нуды і млявасці. Адно шчасце!
17
Нарэшце крэсла вынікла з шэрагу мэблі і паплыло насустрач.
Нешта ў грудзях ёкнула і захвалявалася.
Кастусь ня ведаў, які метад спрацаваў: альбо ён павялічыў прадмет, альбо сам паменшыўся да мікраскапічных памераў, як гэта раіў настаўнік.
Рух распачаўся і захапіў.
Нечакана выскачыў жах магчымага сутыкнення – і Кастусь інстынктыўна сцяўся, пачаў адхіляцца і тармазіць. Але ў свядомасьці пстрыкнула: абараняйся!
Тут жа ўспыхнуў здогад – і ён, асенены, усім сваім іством выпаліў:
«Ведаю!»
У паветры на міг выніклі пранізлівыя вочы настаўніка. І цуд: хлопец не трэснуўся аб крэсла, а толькі здрыгануўся ад зыркага пошугу святла і адчуў, як бязбольна рассякае абалонку прадмета і нырае ў невядомы свет.
Барыс тут жа трапіў ў гушчыню светлых і цёмных промняў, якія прашывалі прастору ў розных накірунках і дзе-нідзе мелі выгібы альбо разрывы. У ёй блукалі, нібы шукаючы выйсця, бліскучыя целы розных памераў і колераў. Яны натыкаліся на промні і ўспыхвалі, пасля чаго адны выбіралі іншы напрамак, другія затрымліваліся і ад гэтага папахадзілі на пратыкнёныя стрэламі кулі, трэція, чырванеючы ад напружання, рабілі прагалы і працягвалі прамы рух.
Былі і такія, што ўляталі знадворку, неслі з сабою жах і разбуралі ўсё на сваім шляху аж пакуль не гублялі энерцыі і не супакойваліся, захоўваючы вакол сябе знішчальнае поле, якое бязлітасна ганодала кожнага, хто да яго набліжаўся.
Уражаны і асцярожны, Барыс не адважваўся на спатычку альбо блізкасць