Вячаслаў Адамчык

Чужая бацькаўшчына


Скачать книгу

злоты i кiля солi.

      Маладзiца насупiлася, пакусала край нiжняй губы i падняла голаў:

      – Дарагавата, але хай, бо мышы даўно авёс стачылi.

      Малады адсунуў мiску, выцер рукою губы i, седзячы за сталом, слухаў. Гаварыў толькi стары:

      – А колькi ж коп нажалi?

      – Чатырнаццаць.

      – Ого!

      – Нiчога, дзядзька, зiма з велькiм горам усё з’есць.

      – Як, Iмполь, да каляд змалоцiм? – стары, задраўшы рэдзенькi чубок, глянуў на маладога, пацёр шорсткую, у вострым, як нацярушаным, шкле сiвых валаскоў няголеную шчаку. – Управiмся ж па капе за дзень. Шэсць пасадаў… У пасадзе дзесяць снапоў… А дзесяць снапоў што? За гадзiну не саб’ём?

      – I больш, пэўня, – адкiдваючы з брыва навiслую кудзерку валасоў, малады падняўся з-за стала.

      – Тады мо сходзiм у гумно? – стары азiрнуўся на маладзiцу i адсунуў заслон, каб таксама ўстаць.

      Гумно стаяла ўпоперак пляца, вялiкае, з дзвюма палувенкамi паабапал дзвярэй. Хлеў i падпаветка, перасыпаныя са старога дзерава, былi ў адным пашарку з новаю хатаю. Мiж гумном i пашаркам хаты раслi старыя, тоўстыя ў камлях яблынi. Каля высокага, выплеценага з яловых частаколiн плота паднялiся недзе з непавысяканых карэнняў вострыя i голыя пасынкi маладых слiвак – вецер назмятаў туды белага курачага пер’я. Было чуваць, як з адчыненых дзвярэй хлява крычала, цi можа так гаварыла да скацiны, нямая. За хлявом, дзе стаяла сплеценая з саломы i не прыкрытая стрэшкай прыбiральня, у збузаваным гурочнiку куры дзяўблi гурок-насеннiк.

      Пад дзвярыма каля гумна ў нацярушанай мякiне граблiся трапяткiя вераб’i. Прыпадаючы да зямлi i варушачы кончыкам хваста, да iх краўся сыты шары кот. Згледзеўшы яго, вераб’i купаю паднялiся на палувенку i адтуль ужо, рассыпаючыся, падалi на зялёна-лiловы, прыхоплены першымi замаразкамi бэз.

      – Сядзiш тут, а мышы жыта стачылi, – маладзiца тупнула нагою на ката i, выняўшы з прабоя прывязаную на вяровачцы затычку, адчынiла абедзве палавiны дзвярэй.

      Мужчыны зайшлi ў гумно.

      – Мы як змалацiлi на насенне, то болей i не чапалi, – сказала маладзiца, прывальваючы каменем дзверы. – Старое ўсё яшчэ ямо.

      – Ого! – пакруцiў галавою стары, аглядаючы гумно. Яно аж пад кладку было заложана збожжам: адна старана жытам – тоўстымi, вязанымi па многа жменяў снапамi, каб, мусiць, лiчылася, што менш коп нажалi, другая старана – аўсом i ячменем. Там недзе лускаў перасохлымi струкамi гарох, пахла саладжавая канюшына i яшчэ леташняя, сточаная мышамi салома.

      Кот скочыў на пярыла i палез у старану, мусiць, счуўшы недзе iхнi пiск.

      У куце на таку стаяла яшчэ новая з зялёным колам сячкарня – пад ёю ляжала торба нарэзанай разам з канюшынаю сечкi.

      Малады крутнуў за кола – тупы, даўно не востраны нож пачаў жаваць спрасованую, што лезла з-пад брыля сячкарнi, шчотку саломы.

      – Ого, гостры, як у шаўца! – засмяяўся стары, кiнуўшы вокам на сячкарню.

      – Дзiва што, а хто ж мне яго навострыць? – зiркнула з-пад хусткi маладзiца, сцiскаючы яе абедзвюма рукамi пад падбародкам.

      – Давайце папробую, – малады выцягнуў са шчылiны ў сцяне пляскаты без ручкi напiльнiк.

      – Старайся,