рукамi пад пахаю цапы.
Маладзiца стаяла каля дзвярэй, чакала, калi выйдзе Iмполь.
– Дзякуй, Iмполька, – сказала яна, гледзячы яму ў твар.
– Няма за што, – пацiснуў ён плячом, убачыўшы ў яе на верхняй губе малюсенькую карычневатую бародаўку.
– Як жа ж няма за што? – адвярнулася яна ад яго вострага позiрку i пачала зачыняць дзверы. – Мужчын усё прасiла, ажно брыдка ўжо.
– Алеся, ты тут? – крычала з-пад хаты маладым голасам прысадзiстая дзеўка ў малiнавай вязанай хустцы.
– Го, тут! – адгукнулася гаспадыня, высоўваючыся з-за Iмполевых плячэй.
– Газы пазыч.
– А цi ёсць там у самiх?
– Калi захочаш сабаку выцяць, то кiй знойдзеш, – засмяялася дзеўка, уцiкоўваючыся ў Iмполя.
Заходзячы следам за старым малацьбiтом у сенi, Iмполь чуў, як зашапталiся, астаўшыся трохi з-заду, дзеўка з гаспадыняю, i дагадаўся, што гэта пра яго.
II
Ужо трэцi год, як Алеся асталася ўдавою. Алесiн чалавек, Радзiвон Мондры, секучы дровы, абсек сабе калена: нагу спярша падцягнула, потым, калi ён выцяўся балячым месцам аб вось у калёсах, яна развярэдзiлася i болей ужо не гаiлася. З гэтае нагi, памучыўшыся яшчэ зiму, ужо не ўстаючы з ложка, Радзiвон i памёр.
Неяк i не шкадавала яго Алеся. Iшла замуж не любiўшы – спадзявалася, што звыкнецца, а звыкнуцца не магла. Здаецца, валасы на сабе рвала б: столькi хлопцаў у сватах было, а яна ўсё перабiрала – то малы, то брыдкi, то «рускае веры» (Алеся была каталiчкаю), покуль не заседзелася ў дзеўках i не сталi сватацца ўдаўцы. А за аднаго з iх, кульгавага Лабара з мястэчка, што дачок меў ледзьве не Алесiных равеснiц, бацька нават стаў выпраўляць замуж. Тады якраз засватаўся Радзiвон Мондры. Якi там хлопец – аршын з шапкаю, але выйсця не было. Прыгледзелася на вяселлi да маладога i жахнулася, убачыўшы, што нават на кончыку носа ў яго растуць валасы. Пабыла з iм год, а прывыкнуць не магла. Не хацела, каб нават дзецi былi з iм. Прынесла раз на рэчку паласкаць бялiзну, ужо была тоўстаю, дзiцем хадзiла, i, нiбы звар’яцеўшы, пачала душыць свой жывот: на сёмым месяцы яно i радзiлася нежывое. А праз год Радзiвон i памёр.
Пасля яго смерцi Алеся паспраўнела, стала выглядаць лепш, як была дзеўкаю: на вечарынках i вяселлях каля яе пачалi круцiцца хлопцы i п’яныя маладзейшыя мужчыны.
Бабы спярша за вочы, а потым i ў вочы абмаўлялi яе, а дзецi, падвучаныя старэйшымi, лазiлi на страху, затыкалi комiн, а некаторае ночы, выцягнуўшы з-за хлевушка, паставiлi ў веснiках прыбiральню.
Алеся прынясла з дому ад бацькi жоўтую сучачку, але яна ўжо не памагла – Алесю зачаравалi.
Было гэта летась, на восень бралася: высока ў небе вiлiся i востра цвiрчэлi, сабраўшыся разам, ластаўкi; абсыпаўшыся жоўтымi бубкамi, цвiў палын каля плота. Алеся сядзела ў зацiшку на сонцы, шыла сабе сарочку. Адвярнулася ў хату напiцца вады, прыйшла назад, а на сарочцы жаба ляжыць – сухая, пляскатая, нiбы раздушаная колам, i вялiкая ржавая iголка каля яе. Алеся страсла з шытва гэтую сухую жабу i пабегла ў хату, а на галаве аж валасы зашавялiлiся. Алеся як чула бяду. Назаўтра яна пачала недамагаць: балела галава i ў вушах стаяў гуд, нiбы званы званiлi. Пад вечар