Вячаслаў Адамчык

Чужая бацькаўшчына


Скачать книгу

ведама глухая, грала носам на ўсю хату, нiчога не чуючы. Алеся, не аказваючыся, таксама знарок захрапла. Лiтавар мацюкнуўся на старую i адышоўся ад акна – за iм усё ўлягала, заходзячыся ад брэху, заядлая сучачка.

      Але Лiтавар не адступiўся, пачаў чапiцца i цвярозы. Ужо гэтай восенню, калi яна пайшла за рэчку ў алешнiк, каб награбцi лiсця, ён, як знарок ведаючы, дзе яна павернецца, падцiкаваў яе там. Нiбы смехам, нiбы ў жарт, пхнуў яе на зямлю разам з гэтай вялiкаю ад сухога лiсця радзюжкаю на плячах. Яна аж самлела, падумаўшы, што можа i адолее. Скоранька выкруцiлася з тае радзюжкi i што было моцы штурхнула яму граблiшчам у грудзi.

      – Ну, пачакай, яцi тваю!.. – крыкнуў ён, спатыкаючыся на купешку i ловячы на ляту сваю шапку.

      Яна, выракшыся таго лiсця i старое радзюжкi, пусцiлася што ўжо было сiлы дадому. Свякроў потым усё шукала тую радзюжку i, не перасцiхаючы, кляла.

      Цяпер у хаце быў Iмполь. Алеся, не саромеючыся, пачала прыглядацца да яго.

      III

      Разбудзiлi ўсiх куры – якраз у першы i самы моцны сон.

      Пад печчу жаласна цвiркнуў, а потым, просячыся, заверашчаў, нiбы яго паклалi на калодку, малады певень. I, лопаючы крыллямi i б’ючыся ў глухой цемнаце, з перапуду закудахкалi ўсе куры. Надоечы з курнiка ў хату iх пусцiла старая Мондрыха, каб начавалi ў цяпле, – мо пасля каляд пачнуць нясцiся.

      Першаю, падхапiўшыся ад сну, яна i счула iхнi крык.

      – Алеся, ты спiш? Алеся! – гукнула старая, ссоўваючыся з печы i папоцемку шукаючы нагою лаву, каб не звалiцца.

      – Чую, ну чаго вы! – азвалася з ложка маладзiца хрыплаватым i чужым ад сну голасам i, пляскаючы босымi нагамi, мiльганула да печы шукаць на мурку запалак.

      Адкрыўшы вочы, Iмполь убачыў яе белую, невыразную ўпоцемку сарочку. Малацьбiты спалi сярод хаты на разасланым кулi саломы.

      Пырснуўшы серкаю, загарэўся запалак, асвяцiў зморшчаны ад раптоўнага агню маладзiцын твар, распушчаныя валасы, голыя да пляча i паўнаватыя рукi. Кароткая сарочка высока адкрывала таямнiчую белiзну гладкiх сцёгнаў.

      Маладзiца, трымаючы перад сабою запалак i прыкрываючы локцямi грудзi, пайшла сюды, дзе ляжалi мужчыны, – якраз над iмi на цвiку, што быў убiты ў бэльку, вiсела лямпа.

      Iмполь недзе блiзенька каля сябе чуў гэтыя голыя цёплыя ногi. Маладзiца лавiла рукою лямпу – аб дрот дзынкала талерка.

      Пад печчу яшчэ ўсё крычаў малады певень i з перапуду кудахкалi куры.

      – Шашок, не iначай, як шашок убiўся, – падняўшыся з пасцелi i падцягваючы шырокiя ў паяснiцы порткi, сказаў стары малацьбiт.

      Нiбы з перапалоху, на лысаватай галаве ў яго дыбком стаялi рэдкiя сiвыя валасы.

      Маладзiца запалiла ўжо лямпу i, трымаючы яе за дрот, панясла да печы – па сцяне пабег вялiкi пераломаны цень. У хаце запахла газаю.

      – I адкуль жа ж ён тут узёўся? – нагнуўшыся, старая цiкавала пад печ.

      Нямая, звесiўшыся з палка, таксама глядзела туды, i ў яе на твары мiльгаў не то страх, не то дзiва.

      – Дайце ж я гляну, – стары ўзяў у маладзiцы лямпу, стаў на каленi перад драбiнкамi, адкiнуў iх i бокам, на локцi, палез пад печ.