вы іх бачылі?» – вяла пацікавіўся Слядак. «Тут. На востраве».
Слядак зноў скептычна ўсміхнуўся, але спахапіўся і вінавата схаваў усмешку.
«Я ўжо гадзіну, як ведаю ад Шэрыфа, што ў вас начавалі збеглыя жанчыны з так званых месцаў прымусовага працоўнага выхавання. Я знайшоў іх бранзалеты. Дарэчы, куды дзеліся тыя «хімічкі»?»
«Гэта былі зусім не «хімічкі», – праз паўзу, сур'ёзна, нават з запалам азваўся стары. – Я адразу зразумеў, хто яны такія».
«I яны назвалі сябе, прадставіліся вам, расказалі чаму тут апынуліся?»
«Не зусім так. Але я сам пра ўсё здагадаўся. Як вы, магчыма, ведаеце з міфалогіі, эрыній было тры. Адну з іх звалі Тысіфона, другую – Алекта, а трэцюю – Мегера. Чаму яны тут, я не ведаю, дый хто можа ведаць, акрамя іх саміх? Да таго ж, мяркую, яны, магчыма, ужо адсюль зніклі».
«У вышуку не міфічныя істоты, а збеглыя злачынкі, – сказаў Слядак. – I куды ж яны зніклі, спілаваўшы ў вас свае бранзалеты?
«Каб і ведаў, то не сказаў бы. Яны былі маладыя, прыгожыя дзяўчаты, шчырыя, сумленныя, але, як бы вам сказаць, вельмі суровыя, змрочныя, і ад іх веяла пометай. Пэўна, яны шмат пакутавалі».
«Вы хоць разумееце, што, паводле цяперашніх законаў, пакрываеце злачынак?»
«Вынікае, што так, – сказаў стары. – Можаце данесці, і мяне забяруць, я заўсёды гатовы. Не ў першы раз».
Слядак усміхнуўся, але неяк з горыччу.
«Я не збіраюся пакаваць вас на нары, – сказаў ён, – бо і сам не заракаюся. Такі цяпер час. А вы з вашымі ідэямі падпадаеце пад іншы прэс, так што будзьце абачлівыя. А што тычыцца вось гэтага, – ён паказаў на сапсаваныя бранзалеты, – то я знайшоў іх, скажам так, пад плотам, толькі і ўсяго».
«Я рад, што вы сумленны чалавек», – сказаў Крэз.
«Да таго ж, – дадаў Слядак, – я тут паруся па дробязі, а дакладней, па справе Імбэцыла».
Крэз недаверліва ўсміхнуўся.
«Нядрэнна стараецеся. Толькі ўчора, як я чуў, Імбэцыл уцёк. А вашы інтарэсы далёкія ад яго сексуальных адхіленняў – хіба не так? Вы былі ў Зары?»
«Пакуль не паспеў».
«Скажу вам шчыра, я ніяк не магу зразумець, чаму нашы ж людзі, так званыя дэмакраты, яшчэ раней пасадзілі нам, а ўрэшце і сабе на шыю набрыдзь накшталт яе, яе мужа-нябожчыка, сваякоў, і таго ж Ларыёна, і ўсіх іх памагатых? Цэлыя пакаленні селі на іголку і сталі дэгенератамі, падобнымі да Імбэцыла, менавіта праз такіх, як яны. Каму цяпер асвойваць, да слова, Космас? Каму абараняць сваіх дзяцей і баб?»
«Вы супярэчыце сабе, – сказаў Слядак. – Крыху раней вы гаварылі пра варвараў са здаровым генафондам, якія прыходзяць на змену атлусцелым цельпукам і лабідудам, знішчаюць іх і – што гэта непазбежна».
«Выходзіць, што так. Народу нельга жыць у раскошы. Успомніце старажытных рымлян, якія зніклі адразу, як толькі загразлі ў дастатку і распусце. Баб сваіх, так бы мовіць, эмансіпіравалі. Дэмаграфія – гэта лёс. Успамінаецца рымскі паэт Руцылій Намацыян: «і пераможаны народ перамоганосных гняце», ха-ха… іншае слова просіцца… Але ж вось ёсць закрытыя расы, якія