Юры Станкевіч

Мільярд удараў (зборнік)


Скачать книгу

лодцы, а вось так, ціха і незаўважна. I, вядома, без рэвальвера. Пяць ці нават дзесяць кіламетраў па вадзе для яго дробязь, бо яму даводзілася плаваць і на большыя адлегласці».

      Слядак апрануўся і скіраваў назад, у напрамку Паселішча. Надышла пара, як ён вырашыў, наведацца да Зары. Па дарозе ён выцягнуў з кішэні надалоннік і набраў нумар, пакінуты яму дзяўчынай.

      «Гэта спадарыня Зара? – спытаў ён, калі сувязь адбылася. – Вы хацелі са мной пагаварыць – дык я іду».

      «Так, – адказаў жаночы голас. – Я ведаю, што гэта вы і хто вы. Я чакаю».

      Слядак зноў апынуўся на вуліцах у межах жытла. Як цяпер ён меркаваў, яму не надта хацелася размаўляць з уладальніцай завода, але і размінуцца не выпадала – справа, па якой ён сюды прыбыў, амаль не зрушылася з месца. Што ён, урэшце, выведаў? Нічога.

      Па меры набліжэння да мэты – дома Зары, на які раней паказаў яму Шэрыф, на яго шляху траплялася ўсё больш і больш чымсьці раздражнёных і незадаволеных асоб. Як ён здагадваўся, незадаволены былі ім. Асабліва нахабна паводзілі сябе падлеткі, большасць якіх складалі жоўта і цёмнаскурыя. Звычайна яны сядзелі на кукішках і групамі – размаўлялі: цалкам зэкаўская звычка, набытая ў працоўных лагерах, дзе, вядома, не існавала лавак і не давалі зэдлікаў, каб пасядзець, а так яны – эканомілі энергію і сілы.

      За апошнія гады жыцця ў Мегаполісе Слядак прывык да ўсякага, але там ён быў абаронены нейкімі рэшткамі цывілізацыі, а цяпер, са спазненнем адзначыў ён, з ім не было нават Шэрыфа побач, якога тут ведалі і пабойваліся. Не было і зброі.

      «Гэй ты, белы чарвяк!»

      Трое цёмнаскурых аддзяліліся ад сцяны барака і пасунуліся на яго, загароджваючы шлях. Прыкладна аднаго росту, маладыя, упэўненыя ў сабе, нахабныя, здольныя на любую гнюснасць, уключаючы і забойства. Квяцістыя кашулі, у кішэнях шортаў, пэўна, што-небудзь накшталт кастэта ці выкіднога нажа. На галаве аднаго – бейсболка, другі з жоўтым ланцугом на шыі, пэўна, імітацыяй пад золата, трэці – яўна пад наркатычнай дозай: яго нежывы позірк нічога, акрамя беспадстаўнай варожасці, не выяўляў. «Гэты – самы небяспечны», – падумаў Слядак.

      «Маны ёсць, грошы?»

      У мэтах самаабароны Слядак раней займаўся адзінаборствамі, вывучаў і ведаў псіхалагічныя нюансы вулічных боек, хоць, вядома, стрытфайтэрам сябе ніколі не лічыў. Ён не быў настолькі багаты, як некаторыя іншыя белыя, якія групаваліся ў своеасаблівых гета за бетонным плотам з электроннай сістэмай апавяшчэння, а каб выехаць за межы тых сцен, апошнім часам тамсям нават карысталіся асабістымі гелікоптэрамі. Інакш іх, а то і іх дзяцей калі-нікалі рабавалі ці бралі ў закладнікі. Ён заўсёды быў вымушаны абараняць і адстойваць сваю годнасць сам.

      Ён не хацеў бойкі, хоць у маладосці часам прытрымліваўся ірландскага погляду на гэты конт: лепшы спосаб высветліць адносіны – гэта добра і са смакам пабіцца.

      «У мяне шмат грошай, аж адцягваюць кішэні – па-першае. Толькі вось, па-другое – з якой нагоды я буду вам, незнаемым, іх пазычаць? – сказаў ён, абарочваючы ўсё ў жарт.

      Але гэтыя жартаў не