імя – падорыш драбочак сябе, дасі над сабою ўладу, а значыць – наклічаш бяду.
Але гарэў агонь, і не было чуваць Дзікага Гону, і не-чалавек глядзеў незласліва і нават сумна. Таму нельга было не адказаць:
– Алелька з… Проста – Лель.
Лютніст заўважна задумаўся, паціраючы тонкаю рукой падбароддзе. Але прамармытаў: «Там, дзе захад тлее ледзь-ледзь, барвай і золатам поле залье».
Словы былі дзіўныя, і не толькі – не столькі – таму, што гучалі няўцямна і як бы здалёк, быццам скрозь іх дакацілася рэха дальняй навальніцы. А яшчэ ў іх жыла сіла, пругкая і напеўная, пакорлівая голасу таго, з лютняй, і ад водгулля гэтай сілы ў Леля ажно заламіла ў скронях.
– Ч-чаго?.. – насцярожана перапытаў ён, і лютніст схамянуўся.
– Вось цяпер, – папрасіў змушана, – ты мне даруй. Я бачу за імёнамі цені тых, хто іх носіць. А нашыя цені часам сягаюць аж занадта далёка. Праўда ж?
Лютніст красамоўным кіўком паказаў на цені ад стаячых камянёў, што караскаліся па пагорку. Лель прасачыў ягоны пагляд і зноў прыгадаў рабізну, што прабегла па сцежцы. Сэрца ў яго сцялася, бо ясна было, што сіла ў словах сведчыла пра чары. А чары народу курганоў звычайна дорага абыходзяцца смяротным.
Прынамсі, так некалі казала бабуля.
Згадка пра бабулю, аднак, тут жа азвалася болем: нагадала пра маці і сясцёр, пра бацьку, пра бедную хату, пакінутую, недасяжную. Пра злавеснае: «Праклён табе!», пра шэпты, устрывожаныя, асуджальныя і зларадныя, пра вочы – з усіх бакоў адно вочы, вочы, вочы.
Пасля такога, усё на свеце страціўшы, нават самога сябе згубіўшы, – хіба варта нечага яшчэ баяцца?
– …ад чаго ж ты бяжыш, чалавечае дзіця?
Лютніст прамовіў гэта няголасна, як бы хутчэй да самога сябе звяртаючыся, і пытальны пагляд быў пранізлівы, востры. Захад за яго плячыма паступова згасаў, а таму ярчэй разгаралася зялёнае полымя пасярод каменнага кола, і лютніставы вочы гэтаксама мякка свяціліся. А цёмнае бруха хмары, падавалася, апусцілася на вяршыні белых камянёў – ды так і застыла.
– Ад сябе, васпане, – глуха адказаў Лель, хаця і не быў да канца ўпэўнены, што пытанне было да яго звернута. Нахмурыўся і паспрабаваў ацерці вочы кулаком так, каб нелюдзю не было заўважна. Лютніст усміхнуўся – не дужа, праўда, весела.
– Ад уласнага ценю не ўцячэш, – заўважыў мякка. Азірнуўся на захад, так што зноў мільганула ў рассыпаным па плячах валоссі завушніца, і дадаў: – Хутка сцямнее, Лель. То сядай бліжэй да агню.
Гэта была прапанова, не загад, ды Лель усё адно палічыў за лепшае паслухацца. Падняўся на нягнуткіх нагах, наблізіўся, сеў ля вогнішча. Вогненныя языкі зацікаўлена пацягнуліся да яго, быццам вывучаючы, і амаль адразу адхіснуліся, рванулі ўверх, рассыпаючы зеленаватыя іскры. Цяжкую хмару, нарэшце, прарвала непагадзь. Прынамсі, Лель чуў важкія крокі дажджу ў траве, па верасовых купінах, чуў, як шапацела залева, прыбіваючы да зямлі дарожны пыл. Але тут, у каменным коле, не пралілося ані кроплі. Цёмная хмара, набрынялая сырасцю, завісла над камянямі, абцягнула іх, быццам купал шатра.