Маргарыта Латышкевіч

Вершнікі на дарозе


Скачать книгу

Без звярыных сноў, без вядзьмарскіх чараў, без змяінага пляцення знакаў на чароўных камянях. Проста жыць.

      – Я… не хацеў, – прагаварыў Лель здушана, апраўдваючыся – і сам няўпэўнены, за што менавіта.

      Йурай усміхнуўся.

      – У тым уся і справа, – заўважыў лютніст. – У тым і справа, што – хацеў ударыць і ўдарыў.

      – І не старую ведзьму, чалавечае дзіця. А саму Усёмаці. Раганы – толькі люстэркі, скрозь якія глядзіць Яна.

      – …але ж я не ведаў…

      – Ды справа не ў тым, што ты ведаў, – Йурай пахітаў галавою, углядаючыся ў агонь. – А ў тым, што здзейсніў. Усёмаці… спрадаўняя, даўно ўрасла ў косткі гэтай зямлі. Яна сама – гэта зямля. Яна помніць вечна. І… помсціць вечна, калі на тое.

      Лель схаваў твар у далонях. Кусаў вусны, марна змагаючыся са страхам, і адчуваў, як зацягваецца на ягонай шыі пятля – быццам змяіныя абдымкі.

      – То лепш памерці, – глуха сказаў ён.

      – О, калі б Яна хацела, – адгукнуўся Йурай, задуменна паціраючы падбароддзе. – Ты б ужо быў мёртвы, чалавечае дзіця. Але ў Яе свае разлікі. На нас усіх.

      – Тады… чаго яна хоча? – спытаў Лель, не дужа тым сцверджаннем абнадзеены.

      – А вось гэта, нарэшце, добрае пытанне, – Йурай з адабрэннем трасянуў валасамі, так што дзынкнула доўгая завушніца.

      Лель пачухаў патыліцу. Шчыра сказаць, ён праз усе свае сямнаццаць год не дужа верыў у старых горных багоў, малітвам да якіх яго вучылі з маленства. Не верыў, хаця разам з бацькамі, кіруючыся звычаем, і падносіў да разных слупоў на раздарожжы абавязковыя прынашэнні. Ён не верыў і ў гэтую вусцішную Усёмаці, хай старая рагана і вымагала ад людзей многае ў імя свайго боства. Але ён верыў, не мог не верыць у чары – у тыя, якія бачыў, у лекаванні ды праклёны. А вось пра карані чарадзейства і пра тое, да чаго яны цягнуцца, адкуль чэрпаюць сваю сілу, нават і не задумваўся. Не меў патрэбы.

      – То… мне трэба гаварыць з ёй.

      Йурай усміхнуўся.

      – Адважнае ты дзіця, – прагаварыў ён. – Жадаеш гаварыць з Той, чыю помсту на сябе наклікаў уласным няведаннем. Але ад твайго жадання тут мала залежыць. Адно ад…

      Языкі полымя рэзка выцягнуліся ўверх, рассыпаючы іскры, і лютніст імгненна замаўчаў, недаверліва прыглядаючыся да агню, быццам бачыў там нешта – ці некага – яшчэ. Лель, праўда, нічога, апроч языкоў полымя не заўважыў.

      – …а чаго, – Йурай глянуў на Леля. – Чаго ты хочаш, чалавечае дзіця?

      Лель скрыпнуў зубамі.

      – Хачу застацца сабой, – прашаптаў ён ціха.

      Застацца самім сабой, толькі і ўсяго. Калі вяртання да ранейшага жыцця няма, калі ён, Лель, у тым сваім ранейшым жыцці для ўсіх родных і блізкіх памёр, дык хоць застацца самім сабой. Не дзяліць свой розум і сваё цела са зверам.

      – Застацца сабой, – задуменна паўтарыў за ім лютніст. Усміхнуўся зноў, але не з’едліва, а сумна, і прамармытаў: – Часам гэта – раскоша недасяжная, дзіця.

      – …я толькі хацеў абараніць сястру, – упарта мовіў Лель, і голас у яго здрыгануўся. Ён прыгадаў, што ўсё-такі,